Лукашэнку выслалі 3 кілаграмы подпісаў супраць русіфікацыі польскіх школ


Скрынка з подпісамі

Саюз палякаў у Беларусі сабраў амаль 6 тыс. подпісаў супраць зменаў у польскіх школах і даслаў іх кіраўніку краіны.

Кіраўнічка незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліка Борыс разам са сваім паплечнікам Маркам Занеўскім 11 траўня занеслі на пошту амаль 6 тыс, подпісаў пад петыцыяй супраць зменаў, якія плануюцца ў Кодэксе РБ аб адукацыі. Змены тычацца пераводу некалькіх прадметаў і выпускных экзаменаў у польскіх школах з польскай мовы на расейскую. Гэта ў самым карані русіфікуе польскую моладзь і дзяцей на Гарадзеншчыне, што цалкам супярэчыць статутам польскіх школ, – лічыць Анджэліка Борыс.

«Цягам паўтары месяца Саюз палякаў у Беларусі сабраў 5713 подпісаў пад петыцыяй. Больш за 300 мы не адкінулі, таму што там былі недакладнасці. Мы сачылі за тым, каб пад кожным подпісам стаяў адрас і кантакт асобы. Хоць некаторыя аддзелы саюзу яшчэ нават не пааддавалі ўсіх подпісаў, мы ўжо не чакалі і вырашылі, што дашлем, колькі ёсць. Подпісы высылалі мы да Аляксандра Лукашэнкі. Пакунак выйшаў вагай 3 кг 58 гр», – распавядае кіраўнічка СПБ.

Як сцвярджае Анджэліка Борыс, тое, што за паўтары месяцы ўдалося сабраць такую значную колькасць подпісаў, яскрава сведчыць пра падтрымку польскай меншасці і неабыякавасць людзей да гэтай справы.

«Подпісы мы збіралі ў сувязі з папраўкамі ў беларускім заканадаўстве, каб праводзіць экзамены на адной з дзяржаўных моваў, а гэта значыць на расейскай. І агульныя прадметы таксама будуць выкладацца на расейскай мове. Мы, канешне, з гэтым не згодныя, таму што гэта – дэпаланізацыя і русіфікацыя польскіх школ. Згодна са статусам польскай школы выкладанне школьных прадметаў павінна адбывацца на польскай мове. Я не варажбітка, не ведаю, якой будзе рэакцыя беларускіх уладаў, але тое, што за такі кароткі час было сабрана столькі подпісаў і столькі палякаў былі заангажаваныя, гэта таксама для арганізацыі паказальнік. Паказальнік, што гэтая праблема для нас не абыякавая», – працягвае Анджэліка Борыс.

У петыцыі Аляксандра Лукашэнку просяць «не дапусціць ліквідацыі двух дзейсных на тэрыторыі Беларусі школ з польскай мовай навучання».

Глядзіце таксама:

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў