Лукашэнка зноў казаў пра карупцыю ў сістэме аховы здароўя. Галоўныя заявы


Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную сітуацыі ў сістэме аховы здароўя. Ключавой тэмай аказалася карупцыя ў гэтай галіне. Belsat.eu выбраў самые важныя заявы Лукашэнкі падчас нарады.

Пра карупцыйную вертыкаль

«З мінулага года мне стала паступаць інфармацыя пра тое, што колькасць справаў карупцыйнага характару ў медыцыне рэзка ўзрасла – амаль у два разы. На жаль, факты карупцыі здараюцца ўсюды, але ў ахове здароўя праблема стала не кропкавай, а скразной, сістэмнай. Яна закранула не асобных службовых асобаў, а закранула практычна ўсю вертыкаль – ад прыватнікаў, вайскоўцаў, дзяржаўных служачых да Міністэрства аховы здароўя, а можа быць, і вышэй, следства разбярэцца. Мной была пастаўлена прынцыповая і цвёрдая задача – не знайсці «стрэлачнікаў», а літаральна выкарчаваць гэтую заразу дашчэнту, дакапацца да арганізатараў гэтае беззаконня».

Пра акуратную працу КДБ

Паводле Лукашэнкі, усяго было распачата 95 крымінальных справаў, амаль 100 чалавек трапілі пад следства. Ён пры гэтым падкрэсліў, што пры ўсёй маштабнасці аперацыі КДБ спрацаваў спакойна і акуратна.

«Я думаю, што і іншыя структуры могуць гэты досвед пазычаць, каб не ламаць арганізацыі, не хапаць каго папала, каб арганізацыі, наколькі гэта магчыма, працавалі, таму што там працуюць людзі. А невінаватыя ні ў якім разе не павінны несці адказнасці».

«Шчыра скажыце, вы здольныя кіраваць міністэрствам?»

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яшчэ да «справы медычных функцыянераў» ён звяртаў увагу кіраўнікоў сістэмы аховы здароўя на праблему карупцыі.

«Вы мне далажылі бойка потым, што ўсё ў нас у парадку. А аказваецца – не. Я ж вас папярэджваў, што вы адказваеце за сістэму. Ківаць няма на каго. Вы куды глядзелі? Бо там затрыманыя непасрэдна вашы падначаленыя. Вы мне так вось шчыра скажыце, вы здольныя кіраваць міністэрствам? Бо калі вы не здольныя, далей будзе горш».

Пра трайны каэфіцыент пакарання

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў прымяніць самыя жорсткія меры пакарання для кіраўнікоў сістэмы аховы здароўя:

«Не дай бог мне даложаць хоць найменшую зачэпку па персаналіях, па кіраўніцтве Міністэрства аховы здароўя, я буду настойваць на тым, каб памножылі на тры. Мінімум атрымаеце каэфіцыент тры. Калі дзесьці ласка да кагосьці будзе, то вам будзе павелічэнне».

Пра недавер да сістэмы аховы здароўя

«Людзі скардзяцца, чэргі ў паліклініках, хамства з боку лекараў павальнае. Адкрыйце любое СМІ, у інтэрнэт паглядзіце, сацыяльныя сеткі – вы там ўбачыце сваю працу….Пры ўсіх сацыялагічных апытаннях, які не праводзіш, як мінімум у пяцёрку негатыву вы заўсёды трапляеце. Скардзяцца на абыякавасць, дрэннае стаўленне, асабліва там, дзе людзі лечацца, – на месцах».

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў