Лукашэнка загадаў праверыць месцы масавага скаплення людзей і «жорстка пакараць» за недапрацоўкі


Аляксандр Лукашэнка даручыў МУС і МНС праверыць месцы масавага збору людзей пасля трагедыі ў Кемерава і пры наяўнасці сур’ёзных недапрацовак з боку ўладальнікаў такіх устаноў «жорстка пакараць» іх.

Такую задачу кіраўнік дзяржавы паставіў сёння падчас сустрэчы з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам, перадае БелТА.

«Вяртаючыся да падзеяў у Расеі, хацеў бы вас папрасіць (учора я даручыў міністру па надзвычайных сітуацыях) вельмі сурʼёзна праверыць не гандлёвыя цэнтры, як у нас сродкі масавай інфармацыі напісалі (так, іх трэба праверыць, прытым капітальна), а месцы масавага збору людзей, а гэта не толькі гандлёвыя цэнтры, гэта і кінатэатры, і гэтак далей », – сказаў Лукашэнка.

«Мы ў мінулым годзе далі большую свабоду прадпрымальніцтву. Калі ласка – стварайце, рабіце, прыносьце карысць дзяржаве. Папярэдзілі і на ўзроўні законаў аб тым, што адказваць будуць галавой, прабачэння не будзе ні за выбухі, ні за пажары. Не дай бог, людзі загінуць. Адказваць будуць яны. Але, ведаеце, з іх нічога не возьмеш. Што з іх возьмеш, калі загінулі дзясяткі, а яшчэ невядома, можа быць, і сотні людзей у гэтым цэнтры ў выходны дзень у Расеі, у Кемерава. Таму, каб, не дай бог, у нас гэта не адбылося. І МНС у кароткі прамежак часу адно не справіцца, таму падключыцеся да гэтага пытання », – запатрабаваў Лукашэнка.

Ён таксама даручыў «самым жорсткім чынам караць недапрацоўкі, якія могуць пацягнуць цяжкія наступствы, асабліва для людзей, і, недапушчальна, для дзяцей».

***

Нагадаем, пажар у гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» у Кемерава пачаўся 25 сакавіка, каля 16.00 па мясцовым часе. Агонь пачаў распаўсюджвацца на чацвёртым паверсе, дзе размешчаны дзіцячы забаўляльны цэнтр, каток і тры залы кінатэатра. Плошча пажару перавысіла 1500 кв. м, праз некалькі гадзін на плошчы 1200 кв. м абрынуўся дах унутры цэнтра, паміж трэцім і чацвёртым паверхамі абрынуліся перакрыцці.

Паводле апошніх дадзеных, ахвярамі пажару сталі 64 чалавекі, з іх – 41 дзіця, больш за 60 пацярпелых звярнуліся па дапамогу ў медустановы, з іх 15 чалавек знаходзяцца ў стацыянары. Апазнаныя 25 целаў загінулых.

МНС Беларусі пасля трагедыі ў Кемераве правярае, як працуюць сістэмы эвакуацыі ў буйных гандлёвых цэнтрах. 26 сакавіка ў Менску ў межах вучэбнай трывогі экстранна эвакуявалі наведнікаў і персанал цэнтраў «Галерэя». «Тытан», «Замак». Сёння МНС правярала Камароўскі рынак і «Арэну-Сіці».

КА, belsat/eu

Стужка навінаў