Лукашэнка загадаў стрымліваць кошты да Новага году. Пасля – абвал?


Кіраўнік краіны даручыў чыноўнікам стрымліваць рост коштаў перад святамі. «Людзі заслужылі, пражыўшы і адпрацаваўшы гэты цяжкі год, таго, каб кошты ў крамах былі нармальныя», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік краіны загадаў новаму галаве Менскага гарвыканкаму «стварыць настрой» людзям. Пры гэтым ён дадаў: «Не толькі ў Расеі, як мы гэта заўважылі, хочуць рукі нагрэць, але і ў нас дзялкі такія ёсць, няхай іх няшмат, але ні ў якім выпадку нельга даць падставу, каб яны працавалі на ўздым цэн».

Лукашэнка звярнуў увагу старшыні Менгарвыканкама на тое, што цэны і парадак у сталіцы з’яўляюцца яго зонай адказнасці, нягледзячы на тое што Мінгандлю ўпаўнаважанае ажыццяўляць кантроль над цэнаўтварэннем. «Таму падрыхтуйце Менск да гэтых святаў, стварыце ў людзей настрой, – сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але самае галоўнае — гэта дзеці, каб дзеці не адчувалі сябе другараднымі». «Менск — гэта прыклад усёй краіне, звярніце на гэта самую сурёзную ўвагу», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Тым часам у галоўным упраўленні статыстыкі канстатуюць у асноўным невялікі, але няспынны рост коштаў. У мінулым месяцы больш за ўсё падаражэлі: агародніна — на 33,4 %; яйкі — на 4,4%; каўбасныя вырабы і вэджаніна — на 2,7%; сыры — на 2,3%; мука пшанічная — на 2,1%; гарбата — на 1,5%; макаронныя вырабы — на 1,2%.

МЛ, паводле БелаПАН, БЕЛТА

Стужка навінаў