Лукашэнка забараніў «рэзаць па-жывому людзей, адбіраючы апошнія грошы»


Чарговая порцыя папулізму прагучала з вуснаў кіраўніка Беларусі на нарадзе аб захадах для павышэння эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу. Лукашэнка запэўніў, што не мае намеру адыходзіць ад абяцанняў, дадзеных падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

«Я ўжо не раз падкрэсліваў, што нам трэба прытрымлівацца той палітыкі, якую мы абяцалі народу падчас перадвыбарчай кампаніі. Некаторыя ва ўрадзе думаюць так: выбары скончыліся, прэзідэнта абралі, так, ён нешта абяцаў. Дык вось, за 20 гадоў я ніколі не адхіліўся ад таго, што абяцаў людзям! І ніякага адыходу ад таго, што абяцана ў перыяд прэзідэнцкай кампаніі, быць не можа».

«Слухайце, у нас што, вайна? У нас што, катастрофа, землятрус, што мы павінны віляць, змяняючы пастаянна курс? Так, змяніліся ўмовы. Так, трошкі будзе складаней, але рэзаць па-жывому людзей, адбіраючы апошнія грошы з кішэняў у паловы насельніцтва, нікому не дазволена!».

Лукашэнка застаўся незадаволены працай кіраўніцтва ўрада, пасля чаго чыноўнікі ўнеслі на разгляд кіраўніка дзяржавы пакет праектаў прававых актаў, у якіх прадугледжваюцца канкрэтныя крокі для вырашэння наяўных праблем. Лукашэнка адзначыў, што сёння іх трэба будзе ўсебакова разгледзець і абʼектыўна ацаніць.

«Нам трэба ацаніць, наколькі эфектыўнымі будуць прапанаваныя меры, ці змогуць яны змяніць сітуацыю ў эканоміцы ў цяперашніх няпростых умовах. Пры гэтым хачу падкрэсліць: усялякія размовы, прабачце мяне, што ператварыліся ў балбатню, з нагоды нейкага крызісу непрымальныя! Ніякага крызісу няма, крызіс у нас у галаве! Змяніліся ўмовы, па асобных напрамках змяніліся істотна. Ну і што? Гэта што, упершыню ў нашай гісторыі?! І не толькі нашай. Мы ведаем, як працаваць у гэтых умовах, як на іх рэагаваць. Больш за тое, і сітуацыя ў нас іншая. Асабліва пасля ўчорашняга прыняцця Еўразвязам адпаведных рашэнняў».

«І мне вашыя рэформы зусім не патрэбныя, тыя, якія вы прапануеце! Мы павінны стварыць нармальнае жыццё для людзей, функцыянавання дзяржавы і нашага грамадства – вось што трэба. А то замест хлеба хочаце людзям даць нейкую рэформу! Працягвайце ўдасканальваць матэрыяльнае вытворчасць, і самае галоўнае – стварыўшы прадукт, прадайце яго! Вось і ўсё рэформы! Калі вы гэта зробіце, мы паглядзім, на якім узроўні будзем знаходзіцца і ў якіх умовах працаваць».

«Але рэформы, якія ідуць насуперак з тым курсам, які мы з вамі разам абяцалі народу, непрымальныя! Гэта галоўны крытэрый, як бы ні было складана. Галоўнае – гэта чалавек. Таму рашэнні, якія мы прымем па выніках абмеркавання, не павінны негатыўна паўплываць на сацыяльную сферу. Я ўжо вам адкрыта казаў, па-чалавечы, што калі мы ўзарвём сітуацыю ў краіне, вось гэтай стабільнасці, спакою… Вы ж паглядзіце, што вакол робіцца! Няўжо вы гэтага не бачыце? І калі мы ў шэраг станем з тымі, хто падарваў гэтую сітуацыю ў краіне, дэстабілізуем яе, нам спатрэбіцца ў 10 разоў больш грошай, каб выруліць з той сітуацыі».

ДР, belsat.eu паводле belta.by

Глядзі таксама
Каментары