Лукашэнка: «Яны вырашылі нас нахіляць незразумела за што. Будзем шукаць сваё шчасце ў іншым месцы»


Аляксандр Лукашэнка паехаў з інспецыяй па Дзяржынскаму раёну Менскай вобласці. Падчас візыту ён згадаў пра праблемы з пастаўкамі беларускай прадукцыі на расейскі рынак.

«Што датычыцца экспарту, шукайце іншыя рынкі. Калі Расея нас не разумее і разумець не хоча, ну што ж, сустрэнемся з прэзідэнтам пасля інаўгурацыі, абмяркуем дэталёва і капітальна ўсе пытанні. Трэба вызначацца. Калі яны вырашылі нас нахіляць пастаянна незразумела за што, тады будзем шукаць сваё шчасце ў іншым месцы. Таму шукайце іншыя рынкі. Нельга на адным рынку ўвесь час сядзець», – сказаў кіраўнік краіны.

Кіраўнік Беларусі мяркуе, што праблемы з пастаўкамі беларускай прадукцыі ў Расею звязаныя з карупцыяй.

«Яны завезлі, хтосьці адкаты атрымаў за гэта сухое малако з Новай Зеландыі. Па-першае, што прывезлі, чым народ кормяць? Але гэта іх праблема. Яны гэтага не разумеюць і разумець не хочуць. Таму што ўсюды адкаты. А мы павінны бачыць свае інтарэсы, якія не супярэчаць інтарэсам расейцаў. Мы ім дрэннага нічога не вязем. Дай бог, як самі правяраючыя кажуць, каб у Расеі было так, як у Беларусі. Таму будзем вызначацца ў гэтым годзе. Што ж мы добрую справу робім і на каленях пастаянна стаім», – абураўся Лукашэнка.

Больш пра малочныя войны:

ГА, паводле president.gov.by. Фота ITAR-TASS / Vadim Rymakov / Forum

Стужка навінаў