Лукашэнка: Я нацыяналіст


Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў падчас сустрэчы з выконваючым абавязкі прэзідэнта Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янезам Качыянчычам.

На сустрэчы са спартовым чыноўнікам Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці ў Беларусі Еўрапейскія гульні (гэтак званую «еўрапейскую Алімпіяду»).

«Мы не супердзяржава, але спорту ўдзяляем вялікую ўвагу. Вельмі хачу, каб наша еўрапейская арганізацыя ні ў якім разе не саступала арганізацыям іншых кантынентаў, у тым ліку Міжнароднага алімпійскага камітэту. Я ў гэтым сэнсе нацыяналіст і патрыёт. Таму вы можаце разлічваць на Беларусь», – сказаў кіраўнік Беларусі.

«Калі ў вас будзе жаданне праводзіць у нас любыя мерапрыемствы ў межах гэтай арганізацыі, мы гатовыя ў любы момант і падтрымаць, і арганізаваць любыя мерапрыемствы. Мы з вамі прынялі гістарычнае рашэнне, і ў 2019 годзе збяром тут еўрапейскіх спартсменаў на нашу Алімпіяду», – сказаў Лукашэнка.

У 2014 годзе кіраўнік Беларусі заявіў, што ненавідзіць нацыяналістаў у дрэнным сэнсе слова.

«Я ненавіджу нацыяналістаў, таму што гэта радыкальныя людзі, якія абавязкова, як ва Украіне, прывядуць да катастрофы ў грамадстве. Я іх неяк спрабую трымаць на прывязі, каб яны не сарваліся і не наламалі дроў. Яны ж працэс беларускай мовы – роднай, сакавітай – ператвараюць у прадмет раздраю ў грамадстве, чаго быць не павінна. Мова не павінна быць прадметам, нагодай і прычынай гэтага раздраю», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Першыя Еўрапейскія гульні прайшлі ў Баку ў 2015 годзе па ініцыятыве былога прэзідэнта ЕАК Патрыка Хікі. Сёлета ў жніўні Хікі быў арыштаваны па абвінавачанні ў незаконнай перадачы перакупшчыку квіткоў на Алімпіяду ў Бразіліі для продажу па завышаных коштах.

«У нас ёсць з вамі агульны добры сябар – спадар Хікі. На жаль, з намі яго няма сёння, але, я ўпэўнены, ён да нас далучыцца. Таму што тыя метады, якімі сёння дзейнічаюць асобныя дзяржавы, яны непрымальныя не толькі для спорту, але і для развіцця нашага свету ў цэлым. Знайшлі, на чым чалавека злавіць… На нейкіх квітках – чалавек, які сотнямі мільёнаў даляраў распараджаецца, будзе дзяліць нейкія квіткі… Хоць бы ўжо прычыну прыдумалі нармальную», – заўважыў Лукашэнка.

Цяпер у Менску праходзіць 45-е пасяджэнне Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў.

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by, фота – president.gov.by

Стужка навінаў