Лукашэнка выляцеў у Сочы на саміты СНД і ЕАЭС, каб абмеркаваць, у тым ліку, ваеннае супрацоўніцтва


Прэзідэнцкі борт, ілюстратыўнае фота

Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з працоўным візітам у Сочы, дзе 11 кастрычніка прыме ўдзел у самітах СНД і ЕАЭС, перадае БелТА.

Раней падчас тэлефоннай размовы з Пуціным Лукашэнка пацвердзіў свой удзел у гэтых міжнародных форумах і дадаў, што высокі ўзровень каардынацыі паміж Беларуссю і Расеяй часцяком становіцца вырашальным фактарам і прадвызначае прыняцце канцэптуальных рашэнняў па інтэграцыі.

На паседжанні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД плануецца разгледзець каля 20 пытанняў, накіраваных на далейшае развіццё супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, культурна-гуманітарнай галінах і іншых ключавых сферах дзейнасці Садружнасці.

У парадак дня ўключаны пытанні, накіраваныя на забеспячэнне бяспекі і супрацьдзеянне новым выклікам і пагрозам. Сярод іх – адаптацыя аб’яднанай сістэмы супрацьпаветранай абароны дзяржаў – удзельніц СНД, супрацоўніцтва ў сферы процідзеяння легалізацыі (адмыванню) даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаванні тэрарызму і фінансаванню распаўсюджвання зброі масавага знішчэння; супрацоўніцтва ў супрацьдзеянні карупцыі і барацьбе са злачынствамі ў сферы інфармацыйных тэхналогій.

У рамках эканамічнага супрацоўніцтва мяркуецца разгледзець і ўхваліць праект Канвенцыі СНД аб супрацоўніцтве ў галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах. Яшчэ адно пытанне парадку дня – супрацоўніцтва краін ЕАЭС у сферы прадастаўлення касмічных і геаінфармацыйных паслуг на аснове нацыянальных крыніц дадзеных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

Гуманітарныя праекты, уключаныя ў парадак дня – гэта рашэнні абʼявіць у СНД 2019 год Годам кнігі, а 2020 – Годам 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Сярод іншага, разгледзяць праект заявы кіраўнікоў дзяржаў – удзельніц СНД аб падтрымцы інстытута сямʼі і традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары