Лукашэнка: Уся найноўшая гісторыя Беларусі звязаная з Кітайскай Народнай Рэспублікай


Беларусь – не сітуатыўны сябар Кітаю, а даўні надзейны партнёр, заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 верасня на сустрэчы з чальцом пастаяннага камітэту Палітбюро ЦК Камуністычнай партыі Кітаю, першым намеснікам прэм’ера Дзяржсавету КНР Чжан Гаалі.

«У вас цяпер вельмі шмат сяброў. Вы набылі іх зусім нядаўна, калі Кітай стаў адной з уплывовых краін, фактычна другім пунктам прыцягнення шмат якіх дзяржаў нашай планеты», – прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

«Але ў Беларусі з Кітаем даўняя гісторыя. Уся найноўшая гісторыя Беларусі звязаная з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Гэта значыць мы не сітуацыйныя сябры, не сябры ўчарашнія, а мы даўнія сябры кітайскага народу, і паміж намі сапраўды ўстанавіліся вельмі добрыя адносіны», – цытуе словы Лукашэнкі БелаПАН.

Лукашэнка звярнуў увагу на частату сустрэч кіраўніцтва дзвюх краін. «Чым часцей мы будзем сустракацца, тым больш прасунутыя будуць нашы адносіны, тым больш эфектыўна будуць рэалізоўвацца нашы дамоўленасці», – лічыць Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларускі бок абсалютна задавальняе наяўная формула перамоў, бо краіны «вызначылі адзін аднаго як стратэгічных партнёраў».

Лідар Беларусі прыбыў у Кітай вечарам 1-га верасня. Ягоны візіт у КНР будзе доўжыцца да 3 верасня. Кіраўнік Беларусі прыме ўдзел ва ўрачыстасцях, прымеркаваных да 70-годдзя перамогі ў антыяпонскай вайне і заканчэння Другой сусветнай вайны.

10–12 траўня 2015 года Беларусь з дзяржаўным візітам наведваў старшыня КНР Сі Цзіньпін. Падчас візіту Беларусь і Кітай падпісалі больш чым 45 дагавораў і мемарандумаў аб супрацы на $ 3,5 млрд. Аб’ём крэдытаў, згодна з дамоўленасцямі, дасягне $ 7 млрд, у тым ліку $ 3 млрд складуць ільготныя сродкі.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў