Лукашэнка ў Тураве: чыноўнікам пагражае турмой, урад абяцае разагнаць


Наведваючы Тураўскі малочны камбінат Аляксандр Лукашэнка выступіў з рэзкімі заявамі наконт неэфектыўных вытворчасцяў.

Ён адзначыў, што гаспадаркі, якія займаюцца вытворчасцю малака, павінны накіроўваць сыравіну перш за ўсё на паспяховыя перапрацоўчыя прадпрыемствы, каб дзяржбюджэт атрымліваў дадатковыя падатковыя паступлення.

«Вось якая павінна быць палітыка, а не тое, што мы трымаемся за гэтыя заводы, якія працуюць горш, дваццаць з лішнім гадоў найноўшай гісторыі», – сказаў ён.

Паводле ягонай прэс-службы, Лукашэнка даручыў прааналізаваць усе малочныя прадпрыемствы па трох крытэрах: заробак, кошт сыравіны і адлічэнні ў бюджэт. Адсталыя вытворчасці неабходна або закрыць, або мадэрнізаваць.

Лукашэнка перасцярог тых, хто будзе накіроўваць сыравіну на неэфектыўныя вытворчасці:

«Я не гатовы рабіць нейкія высновы. Але вы палічыце і мне далажыце: калі хтосьці губіць сыравіну на дрэнных перапрацоўчых прадпрыемствах, сядзе ў турму, а ўрад выганю», – папярэдзіў Лукашэнка.

У Жыткавіцкім раёне Лукашэнка таксама азнаёміўся з ходам рэканструкцыі аварыйнага аўтамабільнага моста праз раку Прыпяць. Лукашэнка паставіў задачу скончыць будаўніцтва моста да чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі:

«Мы з вамі дамовіліся: гэты мост мы павінны здаць да дня Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Як у нас прынята – падарунак народу трэба. Усе працы трэба выканаць».

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў