Лукашэнка: У нас наперадзе, магчыма, яшчэ больш складаныя часы


Дзякуючы пераходу на плаваючы курс рубля ўдалося пераканаць насельніцтва, што з ім не гуляюць у гульні. Пра гэта сёння заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам старшыню праўлення Нацыянальнага банку Паўла Калаура.

Па дадзеных за восем месяцаў, беларусы на наяўным рынку прадалі валюты на $ 362 млн больш, чым купілі. Сярод юрыдычных асоб попыт на валюту перавысіў прапанову толькі ў жніўні, гэта было звязана з неабходнасцю пагашаць валютныя крэдыты, падае дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Глядзіце яшчэ >>> Што будзе з беларускай эканомікай пасля выбараў?

«Дзякуючы таму, што мы перайшлі на плаваючы курс і ні ў якім выпадку штучна не стрымліваем курс нацыянальнай валюты ў адносінах да іншых валют, нам усё ж удалося пераканаць насельніцтва, што мы з ім у гульні гуляць не будзем. І гэта правільна, нам трэба прытрымлівацца падобнай пазіцыі», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лідар Беларусі адзначыў: «Звычайныя людзі ў нас усё могуць купіць у Беларусі за беларускія рублі».

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што Нацбанку і ўраду не варта звяртаць увагі крытыку ў свой адрас з нагоды ручнога рэжыму кіравання эканомікай. «Якое хочаце ўжывайце кіраванне, абы ад гэтага быў вынік – сёння не да раскошы, – сказаў Лукашэнка. – У нас наперадзе, магчыма, яшчэ больш складаныя часы, і дай Бог нам вось так прайсці, як мы сёння ідзем. Сітуацыя ў свеце ад нас не залежыць. Мы мусім да яе прыстасавацца, і мы гэта мусім разумець».

МЯ, паводле БелТА

Стужка навінаў