Лукашэнка: «У 60 гадоў мужык – гэта конь, на якім можна яшчэ араць»


На фота: Жэрар Дэпард’ё (67 гадоў), Аляксандр Лукашэнка (62 гады) і конь (узрост невядомы)

Кіраўнік Беларусі выступае за павышэнне пенсійнага ўзросту для ўсіх і засцерагае ўрад ад рэформаў у стылі «з бухты-барахты».

Кіраўнік Беларусі абмеркаваў на адмысловай нарадзе з урадам сітуацыю з павышэннем пенсійнага ўзросту.

«Трэба ўлічваць усё: розніцу працягласці жыцця мужчынаў і жанчын, спецыфіку гораду і вёскі, умовы працы ў некаторых сферах і іншыя фактары», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле звестак Аляксандра Лукашэнкі, сярэдняя працягласць жыцця ў краіне павялічылася ў параўнанні з 1990-мі. Цяпер жанчыны выходзяць на пенсію ў 55 гадоў, мужчыны – у 60.

«Таму 55-60 гадоў – гэта нармальны ўзрост. І скажы жанчыне, што яна старая ў 55 гадоў або пенсіянерка! Слухайце, пакрыўдзіцца! А калі мы прапануем: разам ты не старая, не пенсіянерка, давай папрацуй – іншае нейкае меркаванне. Тое ж самае і пра мужыкоў можна сказаць. Яны дэманстратыўна не крыўдзяцца, але ў душы. У 60 гадоў мужык – гэта конь, на якім можна яшчэ араць і плугам не ў адзін корпус, а ў тры корпусы зачапіць і пацягне», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

У нашай краіне працуе кожны чацвёрты пенсіянер (438,4 тыс. жанчын і 212,8 тыс. мужчын). На 100 працаўнікоў прыходзіцца 60 пенсіянераў.

«Пенсіянерам трэба растлумачыць: не дай бог мы ўстанем перад фактам, што нам давядзецца паніжаць пенсію! Вось гэтага нельга дапусціць. Бо ў нашых пенсіянераў і так пенсіі невялікія. І скарачаць пенсіі ні ў якім разе нельга…

Я не схільны сёння перабольшваць, што, вось, калі мы павысім пенсійны ўзрост, то перавернецца ўся краіна. Ды не, нічога не перавернецца. Проста, як у народзе кажуць, не хацелася б рабіць гэта з бухты-барахты і атрымаць некаторыя папрокі з боку нашага насельніцтва. Трэба рабіць усё акуратна. І калі мы гаворым пра тое, што чалавек – галоўнае ў нашай палітыцы, трэба ўсё ж такі прыслухоўвацца да чалавека або пераконваць яго, як мы гэта і робім», – заявіў Лукашэнка.

Павышэнне пенсійнага ўзросту – непазбежнае. Пра некалькі месяцаў таму заявіла намесніца прэмʼер-міністра Беларусі Наталля Качанава.

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by

Глядзі таксама
Каментары