Лукашэнка ў 2010 годзе: «Да 15-га года мы павінны наблізіць памеры заработнай платы да $ 1000»

video

Перадвыбарчыя абяцанні Аляксандра Лукашэнкі заўсёды гучалі шчодра. «Да 15-га года мы павінны наблізіць памеры заработнай платы да 1000 долараў у эквіваленце», – паабяцаў кіраўнік Беларусі ў 2010 г.

2015-ты прыйшоў, але нават у сталіцы і нават 500 долараў атрымлівае далёка ня кожны. Сярэдні заробак у траўні склаў 5 мільёнаў 200 тысяч рублёў, што ў пераліку складае 350 долараў ЗША. Прыбыткі ж большасці беларусаў не дацягваюць нават да гэтае планкі.

Пагаршэнне жыццёвага ўзроўню канстатуе і афіцыйная статыстыка. Згодна з падлікамі Белстату, цягам студзеня–траўня рэальныя грашовыя прыбыткі насельніцтва ўпалі на 5 адсоткаў у параўнанні з тым жа леташнім перыядам. Што да абяцанай сумы, дык 500 долараў і больш у гэты час атрымліваў толькі кожны пяты працаўнік, а кожны трэці – палову ад гэтае сумы.

Паводле прафсаюзнага лідара Аляксандра Ярашука, у вёсках і мястэчках мараць пра такія заробкі.

АЛЯКСАНДР ЯРАШУК, КАНГРЭС ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ: «Сітуацыя на перыферыі крытычная. І з пункту гледжання працы, і з пункту гледжання заробкаў. Там нават 2 мільёны заробкаў лічацца неблагой сумай».

З прычыны кепскага стану гаспадаркі эксперты не прагназуюць перадвыбарчага «прыступу шчодрасці», які стаў ужо традыцыяй прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі.

На меркаванне Аляксандра Ярашука, акурат сёлета Лукашэнка можа сабе гэта дазволіць.

АЛЯКСАНДР ЯРАШУК, КАНГРЭС ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ:
«Грамадства атрымала вельмі сурёзную псіхічную траўму з-за вайны, якая адбываецца ва Украіне. Таму яны зараз могуць сабе дазволіць – беларускія ўлады – не глядзець у бок падвышэння заробкаў».

І тым больш не абяцаць ні 1000 долараў, ні нават 500.

Вольга Жарнасек, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары