Лукашэнка: Ці гатовыя беларускія «партызаны» да вайны?


Кіраўнік Беларусі даручыў праверыць войскі тэрытарыяльнай абароны.

«Армія павінна быць мабільнай, яе трэба пасадзіць на мабільную тэхніку», – заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад удзельнікамі нарады адносна тэрытарыяльнай абароны.

Нагадаем, што ў 2011 годзе Лукашэнка загадаў стварыць войскі тэрытарыяльнай абароны (ТА) колькасцю 120 000 чалавек (больш, чымся ў рэгулярным войску). Паводле заканадаўства, гэтыя вайсковыя структуры падпарадкоўваюцца «губернатарам» і кіраўніку Менгарвыканкаму. У Беларусі створана 7 тэрытарыяльных зонаў (6 вобласцяў і Менск).

«Дзяржсакратарыяту даручаю, каб у нейкі прамежак часу (трэба выбраць гэты час) мы маглі на маю каманду задзеяць войскі тэрытарыяльнай абароны ў раёне, горадзе і на іншай тэрыторыі ў маштабах вобласці. Пабачым, як дзеюць войскі тэрытарыяльнай абароны», – цытуе Лукашэнку belta.by.

Падчас нарады Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне ёсць планы выкарыстання войскаў тэрытарыяльнай абароны, вызначаныя абʼекты, якія яны павінны ахоўваць. Таксама Лукашэнка падкрэсліў, што яго турбуе магчымасць поўнага задзеяння тэрытарыяльнай абароны.

«Планы ёсць, абʼекты ёсць, паперы ёсць, людзі, камандзіры і іншае. А ці гатовыя мы дзеяць у ваенных умовах і задзеяць усю тэрытарыяльную абарону?» – спытаў ва ўдзельнікаў нарады кіраўнік Беларусі.

Войскі тэрытарыяльнай абароны мабілізуюцца выпадку ваеннай пагрозы. Асноўнае ўзбраенне – лёгкая стралковая зброя.

Паводле «Баявога статуту тэрытарыяльных войскаў», галоўныя задачы ТА: дыверсіі на камунікацыях, засады, налёты, знішчэнне жаўнераў і афіцэраў праціўніка ды калабарацыяністаў, выведка, партызанская вайна.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў