Лукашэнка: Сталін сышоў даўно, іншыя пасыходзілі, а я вось апошнім сыходжу, я стомлены


Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю вядоўцу праграмы «Вести в субботу» на тэлеканале «Россия 1» Сяргею Брылёву заявіў, што ягонай заслугі ў арганізацыі перамоваў аб украінскай праблеме ў Менску няма, бо іх ініцыятарамі выступалі іншыя бакі.

«Няма ніякай маёй заслугі, іграць на гэтым, гаварыць, які я вялікі, што мяне «Захад палюбіў». Захад ніколі, напэўна, Лукашэнкі не палюбіць. Ніколі. Не, тое, што не палюбіць, гэта дакладна. Але і добразычлівым наўрад ці будзе», – сказаў кіраўнік Беларусі.

«А што да апошняга дыктатара Еўропы, дык я журналістам часта кажу: радуйцеся, апошні ж. Ужо не будзе яго, калі апошні. Сталін сышоў даўно, іншыя пасыходзілі, а я вось апошнім сыходжу… У вашу гісторыю, у ваша жыццё гэта ўвойдзе як асобная старонка», – адзначыў Лукашэнка.

«Я 20 гадоў прапрацаваў прэзідэнтам, што мне яшчэ трэба? Мне трэба думаць, як там у цёплым месцы прысланіцца, спакойна пасядзець. Я проста стомлены ад гэтага чалавек. Я шукаю дзесьці куток, каб дзесьці ціхенька сесці і адпачыць», – прызнаўся нязменны цягам 20 гадоў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка ўпэўнены, што Украіна для Беларусі значыць больш, чым Украіна для Расеі. «Расея каласальная, вялікая, а Украіна – вось яна, каля парога, гэта наша Украіна. Я не хаваю, Віктар Юшчанка карані мае знайшоў паміж Чарнігавам і Кіевам. Для мяне гэта вельмі важна, я вельмі добра ведаю Украіну і ўкраінцаў», – заважыў Лукашэнка.

Сёлета Аляксандру Лукашэнку споўнілася 60 гадоў – у Беларусі гэта век, калі мужчыны сыходзяць на пенсію.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў