Лукашэнка спаткаецца з прадпрымальнікамі


Сустрэча кіраўніка Беларусі з з прадпрымальнікамі запланавана на 17 сакавіка ў гандлёва-забаўляльным цэнтры «Экспабел».

Пра гэта паведамляе Рэспубліканская грамадская арганізацыя «Перспектыва», якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў малога бізнесу.

Прадпрымальнікаў прасілі прыйсці на свае працоўныя месцы а 7 гадзіне раніцы. Сустрэча плануецца на першым паверсе крытага цэнтру. «Перспектыву» не запрашаюць, паведамляецца на сайце грамадскага аб’яднання.

Пры гэтым у «Перспектыве» адзначаюць, што «ўсё ідзе па пунктах рэзалюцыі Форуму прадпрымальнікаў, які прайшоў у Менску 16 лютага 2015 года». Адным з пунктаў акурат і была сустрэча з кіраўніком дзяржавы.

«Перспектыва» спадзяецца, што Лукашэнка прыме дакладнае і абдуманае рашэнне, без спешкі. «Сітуацыя ў эканоміцы мяняецца так імкліва, што ўжо цяперашнія падаткі плаціць цяжка, не кажучы ўжо пра новыя. Сочым за падзеямі. Са свайго боку, хочам сказаць, што рыхтуецца чарговы Форум прадпрымальнікаў вясной 2015 года, праблемы сертыфікатаў, падаткаў, канфіскацый не вырашаныя па-ранейшаму. Нам ёсць пра што гаварыць. Будзем разам», – гаворыцца на сайце «Перспектывы».

13 сакавіка ў Менску адбылася сустрэча сталічных прадпрымальнікаў з чыноўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта, на якой прадстаўнікоў малога бізнесу азнаёмілі з праектам новага ўказу кіраўніка дзяржавы, які ўносіць змяненні ў дзейны ўказ № 222, паведамляе БелаПАН. Пасля гэтай сустрэчы фатаграфіі з тэкстам праекту ўказу распаўсюдзіліся ў сацыяльных сетках.

Гэтак, праект новага ўказу абвяшчае, што індывідуальныя прадпрымальнікі, якія выплачваюць адзіны падатак, маюць права перавозіць і прадаваць гэтыя тавары без дакументаў, што пацвярджаюць іх набыццё (паступленне).

Пры гэтым індывідуальныя прадпрымальнікі з таварамі, увезенымі з краін Мытнага саюзу без суправаджальных дакументаў, абавязаныя выплачваць падатак на дададзены кошт у фіксаванай суме.

Гэтыя папраўкі, сказаў кіраўнік «Перспектывы» Анатоль Шумчанка, у цэлым адпавядаюць інтарэсам прадпрымальнікаў, за выключэннем памеру падатковай базы. «Тое, што ўлады вяртаюцца да канцэпцыі выплаты прадпрымальнікамі адзінага падатку за права перавозіць, захоўваць і рэалізоўваць тавары без суправаджальных дакументаў, гэта нас задавальняе, мы гэта падтрымліваем. Але трэба карэктаваць каэфіцыенты падатку, таму што каэфіцыент, прадугледжаны ў новым указе, для многіх ІП будзе непадёмным, ён вырасце ў паўтара раза», – адзначыў ён.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН, perspektyva.org

Глядзі таксама
Каментары