Лукашэнка шукае пераемніка? Хто заменіць кіраўніка Беларусі?

video

Словы кіраўніка Беларусі пра змену канстытуцыі былі не выпадковыя? Днямі партал TUT.BY спасылаючыся на ўласныя крыніцы, паінфармаваў, што аперацыя пераемнік сапраўды ў распрацоўцы. Магчыма, для гэтага ўжо рыхтуецца заканадаўчы грунт.

«Магчыма надышоў час правесці аналіз і нашага асноўнага закону – паспрабуем падысці да гэтага пытання асцярожна» – казаў Аляксандр Лукашэнка месяц таму.

Косінец, Сідорскі, Макей?

Цяпер жа зʼявілася інфармацыя пра тое, што экс-прэмʼер Сяргей Сідорскі ўжо вяртаецца ў Менск з Еўразійскай эканамічнай камісіі ў Маскве, каб адразу ўзначаліць прэзідэнцкую адміністрацыю. А што ж тады з дзеючым яе кіраўніком Аляксандрам Косінцам? Яго акурат сёння выклікалі на дыван для размовы па кадравым пытанням.

«У вас занадта вялікая запазычанасць перад прэзідэнтам па распрацоўцы кадравых пытанняў і па гаспадарчым субʼектам прадпрыемстваў – вызначальным прадпрыемствам, фактычна няма кіраўнікоў не адзін дзень і не адзін тыдзень», – казаў кіраўнік Беларусі.

Яшчэ напярэдадні, Аляксандра Косінца ў якасці пераемніка Аляксандра Лукашэнкі ў недалёкай будучыні называла палітолаг Вольга Абрамава. Але выглядае на тое, што пасада кіраўніка адміністрацыі для былога кіраўніка віцебскай вертыкалі стала хісткай, мяркуе старшыня Абʼяднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька.

«Гэта вынікае з таго, што вельмі дрэнныя справы ў краіне, а таму трэба, каб хтосьці за гэта адказваў, таму Касінец, Кабякоў, Андрэйчанка – гэта тыя, хто будзе выкліканы на дыван і каго Лукашэнка будзе публічна крытыкаваць і паказваць пальцам, таму што ён жа ня можа несці персанальную адказнасць»

Толькі адна зорка мусіць ззяць на беларускім небасхіле

Паводле іншай версіі, якую ў інтэрвʼю Еўрарадыё агучыў былы кіраўнік упраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі прэзідэнта, палітолаг Аляксандр Фядута, падхапіць стырно ў Лукашэнкі можа міністр замежных справаў Уладзімір Макей, які апошнім часам актыўна ездзіць па раней закрытым еўрапейскім сталіцам. Гучыць імя ветэрана айчыннай наменклатуры Міхаіла Мясніковіча, ды шэрагу іншых чыноўнікаў. Натуральна, цяжка ўявіць кагосьці з іх на гэтай пасадзе ўласна з-за спецыфікі беларускага рэжыму.

«Логіка аўтарытарнай улады прымушае падбіраць шэрых, лаяльных, але не харызматычных, бо толькі адна зорка мусіць ззяць на беларускім небасхіле з гледзішча дзейнага лідара. І сапраўды, кінуць вокам, дык няма такіх харызматычных асобаў і няма людзей, якім бы ён давяраў, як самому сабе», – упэўнены палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Лябедзька: «Сідорскі вычарпаў сябе»

Магчыма акрамя сыноў кіраўніка Беларусі, але іхныя шанцы на прэзідэнцтва ён сам неаднаразова зняпраўджваў. Застаецца экс-прэмʼер Сяргей Сідорскі, праўда зусім не абавязкова, што па вяртанні на Радзіму яго чакае павышэнне

«Ён вычарпаў сябе, як перамоўшчык з Расеяй – ён быў высланнікам Расеі ў Еўразійскай эканамічнай камісіі і мусіў бы як раз лабіяваць вырашэнне эканамічных пытанняў. Тое тычыцца і нафты і газу і зняцця барʼераў для беларускіх тавараў – усюды даволі дрэнна», – узгадаў Анатоль Лябедзька.

Яшчэ раней ён вычарпаў сябе, як прэмʼер-міністр нашае краіны. У 2010 годзе лідары паслявыбарчых пратэстаў ля дому ўраду нібыта патрабавалі перамоваў з Сідорскім. Але ці ў гэтым прычына ягонай апалы?

«Хутчэй гэта была міфалогія самых апазіцыянераў – трэба было патлумачыць, чаму яны таўкліся на гэтай плошчы і ня ведалі, што рабіць. Сідорскі ж не камікадзэ – ён ведаў, што сякір-башка, ён ведаў, што ўсё праслухоўваецца гэта не магло быць патаемна, таму ён тут найхутчэй апынуўся без віны вінаватым», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

Адмыслоўцы пагаджаюцца – беларускую вертыкаль чакае ператасоўка, але наўрадці хтосьці бліжэйшым часам можа спадзявацца на вышэйшую пасаду ў краіне. Занадта моцна ззяе галоўная зорка на беларускім палітычным небасхіле.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: president.gov.by

Глядзі таксама
Каментары