Лукашэнка прызначыў сабе новага памочніка


Пасаду, якая была вакантная ад 2015 года, заняў 53-гадовы Мікалай Корбут.

Раней пасаду памочніка Лукашэнкі займалі Наталля Пяткевіч, Уладзімір Мацвяйчук, Уладзімер Макей і Аляксандр Радзькоў.

Мікалай Корбут нарадзіўся ў вёсцы Ўжа Капыльскага раёну Менскай вобласці. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі.

18 гадоў ён адпрацаваў у Кіраўніцтве справаў прэзідэнта. Спачатку ўзначальваў «Дыпсервіс» – арганізацыю, якая займаецца абслугоўваннем дыпламатычнага корпуса і афіцыйных дэлегацый. У 2001 ён стаў першым намеснікам кіраўніка справамі прэзідэнта. У 2009 сам узначаліў гэтае ведамства пакуль са скандалам не сышоў у адстаўку ў 2013-ым.

Некаторыя СМІ паведамлялі, што чыноўнік змешчаны пад хатні арышт. Нібыта Корбута абвінавачвалі ў масавых парушэннях падчас будаўніцтва беларускіх аб’ектаў у Сочы. Праходзіла нават інфармацыя, што намеснік Корбута Анатоль Дазораў спрабаваў ускрыць сабе вены проста ў працоўным кабінеце. Аднак Корбут пазбегнуў адказнасці і пазней быў прызначаны памочнікам Лукашэнкі па Менскай вобласці.

Апошнія падзеі таксама ўказваюць на блізкія адносіны Лукашэнкі і Корбута. Ён быў адным з тых, хто вучыў касіць сена Жэрара Дэпард’ё, разам з Лукашэнкам Корбут збіраў у Драздах бульбу і кавуны, прысутнічаў на сустрэчы Лукашэнкі са Стывенам Сігалам.

ДР belsat.eu паводле belta.by, nn.by, svaboda.org

Стужка навінаў