Лукашэнка прыгразіў адказаць Расеі за забарону беларускага малака


Кіраўнік Беларусі даручыў намесніку прэм’ер-міністра Міхаілу Русаму разабрацца з малочнай праблемай.

Лукашэнка на сустрэчы з чыноўнікам адзначыў, што паміж Беларуссю і Расеяй зноў пачаліся спрэчкі аб пастаўках малака.

«Але хачу сказаць, што без адказу такія рэчы не застануцца. Мы проста трываць гэта не будзем. Таму што мяне спецслужбы інфармуюць, што завезлі з Новай Зеландыі ці аднекуль сухое малако (гэта іх справа), зʼявіліся лішкі, і яны пачынаюць нас прытрымліваць, пакуль рэалізуюць тое малако за высокі кошт. Таму ім не падабаецца таннае малако», – адзначыў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што «Беларусь аддасць сваё малако за той кошт, які лічыць патрэбным, а яны няхай расейцам павялічваюць цану, калі там ужо расейскія людзі, масквічы ці піцерцы, абʼеліся новазеландскім малаком».

«Рассельгаснагляд» неаднаразова выказваў прэтэнзіі да беларускай малочнай прадукцыі праз «рэшткі забароненых рэчываў». Эмбарга на беларускае малако ў Расеі пачало дзейнічаць 26 лютага. Рассельгаснагляд забараніў увоз на тэрыторыю Расеі ўсёй малочнай прадукцыі з Беларусі. Абмежаванні датычаць звычайнага малака і вяршкоў, і іх сухіх адпаведнікаў, а таксама малочнай сыроваткі.

Новыя мяса-малочныя войны Расеі супраць Беларусі эканамісты тлумачаць не палітычнымі прычынамі, а лабіяваннем з боку расейскіх вытворцаў. Гэта ўскосна пацвердзіў і расейскі прэм’ер – на Інвестыцыйным саміце ў Сочы Дзмітрый Мядзведзеў заявіў аб Дактрыне харчовай бяспекі Расеі. Усю ежу трэба купляць унутры федэрацыі, каб ні ад каго не залежаць.

На меркаванне эканаміста Леаніда Заікі, малочны канфлікт паміж Расеяй і Беларуссю – гэта не вайна, а вынік канкурэнцыі на расейскім рынку. І гэтае змаганне беларускія вытворцы прайграюць у тым ліку праз якасць прадукцыі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў