Лукашэнка просіць у Еўропы грошы на ЖКГ і дарогі. «Толькі не праз расейскія банкі!»


Кіраўнік Беларусі сустрэўся з найбуйнейшым замежным інвестарам – прэзідэнтам Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця Сумам Чакрабарці. Аляксандр Лукашэнка просіць укласці дадатковыя сродкі ў эканоміку Беларусі.

Цяпер ЕБРР распрацоўвае стратэгію супрацы з Беларуссю на бліжэйшыя тры гады. Аляксандр Лукашэнка папрасіў «зняць усе абмежаванні па супрацы, асабліва датычна дзяржаўных прадпрыемстваў».

«Дапамажыце з ЖКГ і дарогамі»

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы заявіў, што хацеў бы, каб еўрапейцы пачалі фінансаваць развіццё транспартнай сістэмы. «Склалася патавая сітуацыя з транзітам з усходу на захад і наадварот пра падзеі ва Украіне. Такім чынам, застаецца адзіны бяспечны і надзейны кірунак – Беларусь», – сказаў кіраўнік краіны. На ягоную думку, цяпер трэба пільна мадэрнізаваць транспартную сістэму, у тым ліку чыгунку.

Дагэтуль ЕБРР прынцыпова ўкладаў грошы ў развіццё прыватнага сектара. Выключэнне – толькі праекты па паляпшэнню водазабеспячэнні і ачысткі сцёкаў у некаторых рэгіёнах Беларусі.

Кіраўнік краіны спадзяецца на грошы ЕБРР для мадэрнізацыі сістэмы ЖКГ. Пра перавод гаспадаркі на камерцыйныя рэйкі і самаакупаемасць вядзецца даўно, але дагэтуль ЖКГ застаецца «чорнаю дзіркаю», што высмоктвае з дзяржаўнага бюджэту і з гаманцоў грамадзянаў грошы.

«Толькі не праз Расею»

Прэс-служба Аляксандру Лукашэнкі паведамляе, што Лукашэнка звярнуўся з просьбаю перагледзіць каналы фінансавых паступленняў. Усе грошы да ЕБРР трапляюць у Беларусь выключна праз дачынныя расейскія банкі, такія як «Белгазпрамбанк», «БелВЭБ» ды «БПС-Сбербанк».

«Сёння Расея знаходзіцца пад санкцыямі і калі вы іх распаўсюдзіце на гэтыя банкі, мы можам згубіць фінансаванне», – дадаў Лукашэнка.

Ад пачатку супрацы з Беларуссю ЕБРР інвеставаў у нашую краіну больш за 1,5 млрд еўраў. Больш за палову гэтых сродкаў прыпадае на праекты па развіцці інфраструктуры, каля 40 % – на прамысловасць, гандаль і аграрна-прамысловы комплекс.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў