Лукашэнка – прэм'ер-міністру Латвіі: БелАЭС можа стаць агульным здабыткам краінаў рэгіёну


8 лютага 2018 г. Аляксандр Лукашэнка і Марыс Кучынскіс.
Фота: belta.by

Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў 8 лютага падчас сустрэчы з прэмʼер-міністрам Латвіі Марысам Кучынскісам, піша belta.by.

«Гэтая беларуская станцыя. Мы ідзем да глабалізацыі, межы ўсё больш сціраюцца. Прыйдзе час, калі гэта будзе агульны здабытак – Беларусі і Латвіі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка таксама выказаў удзячнасць латвійскаму боку за адсутнасць крытыкі ў звязку з будаўніцтвам атамнай станцыі пад Астраўцом.

«Мы станцыю ўсё роўна пабудуем. Мы ж яе будуем на прынцыпах міжнароднага права. І я часта кажу: давайце будзем разам думаць, як яе выкарыстоўваць», – прапанаваў кіраўнік Беларусі.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь зацікаўленая ў бяспецы сваёй атамнай станцыі больш, чымся іншыя краіны.

«Мы нясем за гэта адказнасць. Чамусьці ўсюды будуюць станцыі, і ніхто асабліва не абураецца. І Расея будуе мора станцыяў ды блокаў па ўсім свеце. Таму мы яе пабудуем, і нам з гэтага трэба здабываць узаемныя выгады», – рэзюмаваў Лукашэнка.

Нагадаем, што Літва плануе блакаваць імпарт электраэнергіі з Астравецкай станцыі і мае намер дамовіцца з Эстоніяй, Латвіяй і Польшчай аб адзіных прынцыпах паставак электраэнергіі з трэціх краінаў.

Беларуская атамная станцыя пачне працаваць на поўную магутнасць у 2020 годзе.

Падчас будаўніцтва БелАЭС здаралася некалькі інцыдэнтаў: загінулі двое працаўнікоў, падчас транспартавання былі пашкоджаныя корпусы рэактару.

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў