Лукашэнка правёў кадравыя перастаноўкі ў МУС. Хто гэтыя людзі?


Аляксандр Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў магілёўскай і менскай абласной міліцыі, кіраўніка Дэпартаменту выканання пакаранняў і першага намесніка кіраўніка ўнутраных войскаў.

Начальнікам Дэпартамента выканання пакаранняў МУС прызначаны Алег Маткін. Раней гэтую пасаду займаў Сяргей Дарошка, які ў лістападзе узначаліў ГУУС Менгарвыканкаму.

Алег Маткін

У ДВП МУС Алег Маткіна прыйшоў з унутраных войскаў. З 2014 па 2018 год ён займаў пасаду першага намесніка камандуючага ўнутранымі войскамі МУС РБ – начальніка штаба, а з 2011 па 2014 намесніка кіраўніка ўнутраных войскаў – начальніка аператыўнай і баявой падрыхтоўкі. Адзначым, што ўнутраныя войскі падчас службы ў іх Алега Маткіна прымалі ўдзел у разгоне Дня Волі-2017. Дарэчы, летась, ужо пасля разгону пратэстаў, Маткін атрымаў званне генерал-маёра.

Раней, з 2005 па 2009, Маткіна ўзначальваў вайсковую частку 6713 (Магілёў).

УУС Менскага аблвыканкаму ўзначаліў 45-гадовы генерал-маёр Аляксандр Кавальчук.

Аляксандр Кавальчук

Ён нарадзіўся ў в. Леткаўшчына Слуцкага раёну Менскай вобласці. Скончыў Менскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча і Акадэмію МУС. Працаваў на камандных пасадах у слуцкай і бабруйскай міліцыі (у 2007-2009 – начальнік адзела ўнутраных справаў Бабруйскага райвыканкаму). З 2009 па 2014 быў першым намеснікам начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкаму – начальнікам крымінальнай міліцыі. А 18 красавіка 2014 года Кавальчук узначаліў міліцыю Магілёўскай вобласці.

У зваротным кірунку – з Менску ў Магілёў – адправіўся Ігар Шчарбачэня. Раней ён быў начальнікам упраўлення крымінальнага вышуку ва УУС Менскага аблвыканкаму, а цяпер узначаліў УУС Магілёўскага аблвыканкаму. У 2006-2009 Шчарбачэня быў начальнікам Смалявіцкага РАУС.

Ігар Бурмістраў прызначаны на пасаду першага намесніка камандуючага ўнутранымі войскамі МУС – начальніка штаба.

Ігар Бурмістраў злева. Фота – sb.by

У 2014-2018 гг. ён быў першым намеснікам начальніка аператыўнай і баявой падрыхтоўкі ўнутраных войскаў. У 2008 годзе Бурмістраў кароткі час (каля 4 месяцаў) займаў пасаду камандзіра 6-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў (в/ч 5525, Гомель). У тым жа годзе ён узначаліў менскую міліцэйскую брыгаду ўнутраных войскаў – в/ч 5448.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў