Лукашэнка прапаноўвае Расеі зняць абмежаванні ва ўзаемным гандлі


https://www.youtube.com/watch?v=_GQtH_hkxLM

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным 8 чэрвеня ў Менску заявіў пра неабходнасць зняць абмежаванні ва ўзаемным гандлі Беларусі з Расеяй.

«Павышэнню стабільнасці нашых эканомік, росту дабрабыту беларусаў і расейцаў спрыяла б зняцце яшчэ існых некаторых абмежаванняў ва ўзаемным гандлі», – цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Як падкрэсліў кіраўнік Беларусі, эканамічны крызіс павінен зʼяднаць удзельнікаў інтэграцыйных працэсаў, прымусіць іх развіваць кааперацыю, унутраныя вытворчыя ланцужкі, не канкураваць, а ўзаемадзейнічаць на вонкавых рынках. «Рашэнне гэтых задач у беларуска-расейскай «двойцы» дапаможа развіццю іншых фарматаў інтэграцыйнага абʼяднання», – сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў гатовасць падчас цяперашняй сустрэчы абмеркаваць надзённыя пытанні двухбаковых дачыненняў. «Закрытых тэм ні ў нас, ні ў Расеі няма. Упэўнены, што па ўсіх праблемах мы зможам знайсці рашэнні ў духу нашых саюзніцкіх адносін», – мяркуе Лукашэнка.

Як паведаміў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін маюць абмеркаваць кошт расейскага газу для Беларусі. Пытанне расейскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі не будзе ўздымацца, падае Tass.ru.

Уладзімір Пуцін прыбыў сёння ў Менск для ўдзелу ў пленарным паседжанні форуму рэгіёнаў РФ і Беларусі.

МЯ, паводле belta.by

Глядзі таксама
Каментары