Лукашэнка пракаментаваў справу «украінскіх шпіёнаў»


Аляксандр Лукашэнка ў гутарцы з журналістамі падчас рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць пракаментаваў сітуацыю з «украінскімі шпіёнамі», перадае БелТА.

Аляксандр Лукашэнка распавёў, што «шпіёнская» справа абмяркоўвалася на яго сустрэчы з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, якая адбылася ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах ў пачатку лістапада бягучага года.

«Ён (Парашэнка) мне задаў гэтае пытанне. І я яму адказаў фактамі. Я яму прызнаўся, што з першага да апошняга дня аперацыі па нейтралізацыі шпіёнскай сеткі быў у курсе. Такая практыка – старшыня КДБ мне далажыў адразу», – паведаміў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на сустрэчы з Парашэнкам ў ААЭ была дасягнутая дамоўленасць не надаваць справе ходу, але «ўкраінскі бок яе парушыў».

«Яны паднялі гвалт, усё было выплеснута ў СМІ. Што мне заставалася рабіць? Я адмяніў сваё рашэнне і сказаў выкласці пэўныя факты ў СМІ, каб людзі разумелі, што мы не нагнятаем абстаноўку ў адносінах з Украінай. І мы паказалі, гэты чалавек прызнаўся, дзе працаваў, як працаваў. Куча матэрыялаў дадаткова ёсць. Не ведаю, навошта патрэбны быў гэты скандал. Але яны парушылі нашу дамоўленасць », – падкрэсліў Лукашэнка.

Пры гэтым ён дадаў, што «ніякага маскоўскага следу ў гэтай справе шукаць не варта, таму што яго там няма».

«Я гэтага палкоўніка па званні, які проста працаваў пад прыкрыццём журналіста, разумею. Многія дзяржавы так сябе вядуць – пад прыкрыццём журналістаў, дыпламатаў працуюць разведчыкі. Я ўжо з гэтым сутыкаўся шмат разоў. Але як зразумець беларуса, які за капейкі працаваў на замежную, хай нават і не зусім чужую, выведку? », – заявіў Лукашэнка.

Як паведамлялася раней, 25 кастрычнік КДБ затрымаў украінскага журналіста Паўла Шаройку. Паводле заявы КДБ, у Беларусі ён «стварыў агентурную сетку з ліку беларускіх грамадзян, якія за грашовае ўзнагароджанне выконвалі яго заданне па зборы звестак разведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы». У дачыненні да Шаройкі распачатая крымінальная справа па ст.358 КК Беларусі (шпіянаж) і прынята рашэнне аб утрыманні яго пад вартай.

Акрамя Шаройкі, затрыманы грамадзянін Беларусі – яму інкрымінуюць «дзяржаўную здраду».

Павел Шаройка распавёў, што каардынацыю яго разведвальнай дзейнасці ажыццяўляў супрацоўнік галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Ігар Скварцоў, які дзейнічаў пад прыкрыццём пасады саветніка пасольства Украіны ў Беларусі. Ігар Скварцоў быў абвешчаны персонай нон грата.

У адказ Украіна выслала першага сакратара амбасады Беларусі. Менск гэты крок расцаніў як «несяброўскі».

Тым часам у Мінабароны Украіны зняўпрадзілі прыналежнасць Шаройкі да органаў нацыянальнай выведкі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў