Лукашэнка прайшоў праверку на антысемітызм


Генеральная пракуратура Беларусі не ўгледзела распальвання нацыянальнай варожасці ў выказваннях кіраўніка Беларусі падчас штогадовага звароту да народу і Нацыянальнага сходу.

Такі адказ на свой зварот атрымала беларуская праваабаронца Таццяна Равяка, якая прасіла даць прававую ацэнку скандальнай заяве Лукашэнкі пра тое, што габрэяў трэба ўзяць пад кантроль.

Прадстаўнікі пракуратуры перакананыя, што довады праваабаронцы «дыскусійныя», сама ж Таццяна Равяка будзе дамагацца адказу па сутнасці, падае belaruspartisan.org.

«Зыходзячы са зместу вашага звароту, інфармацыі аб парушэнні заканадаўства ў ім не змяшчаецца, прыведзеныя Вамі довады носяць дыскусійны характар. Пры такіх абставінах падставаў для вырашэння яго па сутнасці няма», – такі адказ праваабаронцы даў намеснік начальніка аддзелу па наглядзе за выкананнем правоў і свабодаў грамадзянаў П.П. Елісееў.

Таццяна Равяка на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» адзначае, што пракурорскі адказ падрыхтаваны непрафесійна. Яна раскладвае па паліцах адказ ведамства.

«Зыходзячы са зместу Вашага звароту, звестак аб парушэнні заканадаўства ў ім не змяшчаецца, прыведзеныя Вамі довады носяць дыскусійны характар». Праваабаронца адзначае: «Так і незразумела: няма звестак аб парушэнні заканадаўства або ўсе мае довады маюць дыскусійны характар? Хлопцы-пракуроры, вы б падыскутавалі, паразважалі, а потым адказ пісалі – і пажадана аргументавана. І наагул, я не ў дыскусійны клуб пісала, а ў орган, які павінен сачыць за выкананнем заканадаўства».

«Падстаў для вырашэння яго па сутнасці няма». «Значыць, адказ быў не па сутнасці? Па сутнасці не трэба?», – пытаецца спадарыня Равяка.

«Што будзем рабіць далей з дадзеным шэдэўрам пракурорскага пустаслоўя – вырашым з калегамі», – напісала праваабаронца.

29 красавіка 2015 года, выступаючы са штогадовым пасланнем да народу і парламенту, Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні Менаблвыканкаму Сямёна Шапіры, сказаў наступнае: «Я вас прасіў год назад, каб узяць усіх габрэяў пад кантроль у Беларусі».

Праваабаронца звярнулася ў Генпракуратуру адразу ж пасля выступу кіраўніка Беларусі. Таццяна Равяка прасіла Генеральную пракуратуру правесці пракурорскую праверку і высветліць «пад які кантроль кіраўнік дзяржавы даў распараджэнне паставіць дадзеную нацыянальную групу, у сувязі з якімі абставінамі і якой мэтай».

Яна таксама прасіла даць ацэнку дадзенага выказванні Лукашэнкі з мэтай высвятлення, ці не ўтрымліваецца ў ім прыкмет злачынства, прадугледжанага артыкулам 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розніцы».

Глядзіце эксклюзіўнае інтэрвю «Белсату» амбасадара Ізраілю ў Беларусі Ёсэфа Шагала.

Паводле belaruspartisan.org

Стужка навінаў