Лукашэнка пра магчымасць змены курсу Беларусі: Абдумваў прапановы не адзін тыдзень


Аляксандр Лукашэнка. Фота knews.kg

На нарадзе пра актуальныя пытанні развіцця эканомікі 26 студзеня кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму змены дзяржаўнага курсу краіны.

Лідар краіны заявіў, што не бачыць неабходнасці мяняць курс, якога прытрымліваецца дзяржава.

Ён паведаміў, што абдумваў прапановы ўраду «не адзін дзень і не адзін тыдзень».

«І я не знаходжу магчымасці і неабходнасці мяняць курс (калі ў кагосьці ёсць такія прапановы) у гэтай сітуацыі, – цытуе Лукашэнку прэс-служба кіраўніка краіны. – Курс, па якім мы атрымалі незалежнасць, стварылі сваю дзяржаву. І сёння нешта ламаць, прытым залішне напружваючы людзей, прытым безвынікова, – я на гэта не тое што не магу пайсці, я катэгарычна супраць гэтага».

Аляксандр Лукашэнка выказаўся, што варта «прытрымлівацца той палітыкі, якую мы абяцалі народу ў перадвыбарчую кампанію».

«Хлусіць людзям нельга. У адваротным выпадку мы будзем праводзіць так званыя рэформы для сябе, якіх народ не прыме, гэта не толькі ўнясе сумятню ў розумы людзей, але і дэстабілізуе становішча, і тады нам спатрэбіцца пры страце кіравальнасці, магчыма, і страце аблічча ўлады, грошай значна больш, чым трэба сёння для пагашэння вонкавага запазычання», – адзначыў лідар краіны.

Паводле яго, «урад не павінен быць нейкай канторай».

«Ён павінен сёння (прама пра гэта трэба казаць у складанай сітуацыі) «у ручным рэжыме» кіраваць эканомікай там, дзе гэта трэба, на месцы дапамагаючы ўсім, чым мы можам, прадпрыемствам, губернатарам, старшыням райвыканкамаў, патрабуючы ад іх бездакорнага выканання прынятых рашэнняў і вельмі высокай напружанасці і інтэнсіўнасці», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

У Савеце міністраў распрацаваны праект закону аб дзяржаўным індыкатыўным планаванні, які дае ўраду паўнамоцтвы карэктаваць гадавыя прагнозныя паказнікі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Чакалася, што ён паступіць у парламент яшчэ восенню мінулага года, але гэтага не адбылося дагэтуль.

Прагнозы сацыяльна-эканамічнага развіцця ў Беларусі зацвярджаюцца прэзідэнтам і да цяперашняга часу цягам года, нягледзячы на невыкананне прагнозных паказнікаў, ніколі не карэктаваліся. Між тым структурнае рэфармаванне эканомікі, якое мае на ўвазе ў тым ліку адмену «ручнога кіравання», зʼяўляецца ўмовай для атрымання Беларуссю новых крэдытаў міжнародных фінансавых арганізацыяў, і ў прыватнасці МВФ.

МЯ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары