Лукашэнка пра «дармаедаў»: на іх кляйма няма дзе ставіць! Прымусіць працаваць усіх!


Кіраўнік дзяржавы востра выказаўся пра тых, хто пратэставаў супраць рэалізацыі Дэкрэту №3 і не выключае вяртанне да «савецкіх метадаў» дзеля таго, каб «прымусіць працаваць кожнага». Пра гэта ён заявіў падчас паслання дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

«Не згасаюць пытанні адносна Дэкрэту №3. Але пакуль ніхто мне не адказаў пра рэалізацыю гэтага дэкрэту інакш, чым я гэта бачу. 350 тысячаў чалавек – што будзем з імі рабіць? Калі вы прапануеце іншую ініцыятыву, як прымусіць іх працаваць – я адступлю», – заявіў Аляксандр Лукашэнка дэпутатам.

«350 тысяч – гэта ўжо тыя, на якіх кляймо няма дзе паставіць, што ён кепскі чалавек. Яны павінны працаваць, бо яны нам ствараюць велізарную праблему, перадусім – праваахоўнай сістэме.А ўвогуле гэта – 500 тысячаў чалавек! 150 тысячаў мы па розных прычынах вызвалілі ад гэтага цяжару – працаваць», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым выступоўца мяркуе, што нельга «ківаць на кепскую рэалізацыю дэкрэту на месцах» і таму ён хоча выслухаць ад дэпутатаў варыянты, як выйсці з крызіснай сітуацыі з «дармаедамі».

«Мне прапанавалі: не працуеш – мусіш пэўную суму ўнесці. Але ж вы разумееце – гэта 350 тысяч асобаў! 10 тысячаў заплоціць і забудзецца, а рэшта да лютага ці сакавіка наступнага году ні капейкі не прынясуць. І потым таксама – ім прасцей выйсці на плошчы і крычаць. А яшчэ падсунуць там нейкую капейку за тое, што ты выйшаў на вуліцу. Так было!» – дадаў Лукашэнка.

Кіраўнік краіны мяркуе, што патрэбная «новая канцэпцыя – змусіць кожнага працаваць». Пры гэтым Лукашэнка не выключае выкарыстанне «досведу савецкіх часоў».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў