Лукашэнка пра беспрацоўных: Кагосьці трэба папросту нахіліць


Кіраўнік Беларусі зноў выказаўся пра скандальны дэкрэт № 3.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў мясцовым кіраўнікам мясцовай вертыкалі, што ніхто не адмяняў патрабаванне «дэкрэту аб дармаедах».

«Гэта будзе ваш дакумент. Вы на месцы мусіце вызначыць, хто ў вас не працуе, а павінен працаваць, і прымусіць іх усіх працаваць. У гэтым будзе асноўная сутнасць дакументу. Не з Менску трэба кіраваць гэтымі працэсамі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

А таксама дадаў, што мясцовыя чыноўнікі мусяць разабрацца з тымі, каго датычацца нормы дэкрэту:

«Камусьці трэба дапамагчы, кагосьці трэба за руку прывесці на працу, кагосьці перапрафіляваць, навучыць новым спецыяльнасцям, а кагосьці папросту нахіліць. Вы ведаеце, што гэта за беспрацоўныя, што гэта за кантынгент, я таксама ведаю, памятаю яшчэ з тых савецкіх часоў. Таму занятасць – пытанне вельмі важнае. Людзям трэба прапаноўваць працу, ствараць працоўныя месцы».

Акрамя таго кіраўнік Беларусі нагадаў пра задачу павялічыць сярэдні заробак да Br 1 тыс.:

«Калі мы гэты ўзровень дасягнем, мы зможам спакойна любому чалавеку з 10 мільёнаў сказаць : мы вам дапамаглі, каб вы маглі паесці і сямʼю накарміць, ну а далей ужо напружвайцеся і працуйце самі Мы, вядома, не будзем у баку, будзем дапамагаць, падтрымліваць. Але гэта важнейшае пытанне».

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары