Лукашэнка пра беларускую ахову здароўя: Усе бясплатна, дзяржава носіць на руках кожнага


На сустрэчы з дырэктарам Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Жужаннай Якаб кіраўнік краіны заявіў, што ў Беларусі забяспечаны «практычна роўны доступ насельніцтва да аб’ектаў аховы здароўя». Таму ў адрозненне ад некаторых дзяржаваў тут не бывае такога, што «пад плотам памірае чалавек, калі ў яго няма страхоўкі».

Лукашэнка таксама пахваліўся дасягненнямі ў мадэрнізацыі аховы здароўя, пры гэтым прызнаўшы, што такі падыход да аховы здароўя «троху распешчвае беларусаў», і не спрыяе таму, каб чалавек сам клапаціўся пра сваё здароўе.

«Усё бясплатна, дзяржава носіць на руках кожнага чалавека. Я неаднаразова казаў пра неабходнасць кожнаму клапаціцца пра сваё здароўе, паколькі для дзяржавы гэта дорага, да таго ж яно аб’ектыўна не зможа зрабіць усё патрэбнае за чалавека».

У сваю чаргу Жужанна Якаб параіла звярнуць асаблівую ўвагу на барацьбу з п’янствам і паленнем у Беларусі ды пахваліла паказнік дзіцячай смяротнасці – адзін з самых нізкіх у Еўропе. Яна адзначыла прагрэс у змаганні з сухотамі ды ВІЧ. Што праўда, у другім выпадку статыстыка не выглядае так добра – з пачатку года колькасць выяўленых выпадкаў павялічылася больш як на сорак адсоткаў, чым за той жа перыяд летась.

Пытанні здароўя абмяркоўваліся сёння ў Менску на Еўрапейскай міністэрскай канферэнцыі па пытаннях умацавання здароўя на ўсіх этапах жыцця ў кантэксце палітыкі «Здароўе-2020» – маштабнага плану дзеянняў СААЗ, скіраванага, сярод іншага, на папярэджанне і прафілактыку неінфекцыйных захворванняў.

ДР belsat.eu паводле belapan.com

Стужка навінаў