Аляксандр Лукашэнка разам з Мітрапалітам Філарэтам і Мітрапалітам Менскім і Заслаўскім Паўлам
Кіраўнік краіны сустрэўся з членамі сіноду Беларускага экзархату (БПЦ) Маскоўскага патрыярхату Рускай праваслаўнай царквы.
На думку кіраўніка дзяржавы, прадстаўнікі рэлігійных арганізацыяў у Беларусі павінны браць прыклад з БПЦ і рыхтаваць святароў з ліку беларускіх грамадзянаў.
«Тут павінныя служыць беларусы, няхай іншаземцы і бязмежна адданыя нашаму народу і дзяржаве. З першых дзён свайго прэзідэнцтва я праводжу гэтую лінію, перш за ўсё ў дачыненні да каталікоў. І зрухі ашаламляльныя: вельмі шмат прыйшло святароў-беларусаў у каталіцкую царкву», – заявіў Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што разлічвае на «больш глыбокую ўцягнутасць царквы ў сацыяльныя працэсы», якія адбываюцца ў краіне.
«На чалавека, які самастойна не адольвае свае слабасці і залежнасці, голас святара часам робіць большы ўплыў, чым размовы з роднымі або намаганні медыкаў», – перакананы лідар Беларусі.
Значным напрамкам царкоўнай дзейнасці Аляксандр Лукашэнка назваў выхаванне моладзі і яе прыцягненне да ўдзелу ў розных сацыяльных праектах.
«Я не скажу, што дзяржава і святары мала робяць, але трэба знайсці той далікатны падыход, які ўласцівы царкве ў гэтым працэсе. Яна павінна мець ініцыятывы, адукаваныя і высокамаральныя кадры. Таму дзяржава аказвае і будзе аказваць усямерную падтрымку духоўным школам БПЦ у падрыхтоўцы святароў. Так, як і іншым цэрквам», – сказаў Лукашэнка.
У канцы снежня 2013 года кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы стаў Мітрапаліт Павел, які прыехаў у нашую краіну з Расеі. Тады шмат хто крытыкаваў прызначэнне кіраўніком царквы чалавека без беларускага грамадзянства, які не ведае беларускай мовы.