Лукашэнка перасадзіць беларускіх чыноўнікаў на «Geely»


У бліжэйшыя гады беларускіх чыноўнікаў перасядзяць на айчынныя аўты «Geely», прэмʼеру і віцʼэ-прэмʼерам дазволяць ездзіць на іншамарках.

 

Geely

Адпаведную заяву Аляксандр Лукашэнка зрабіў падчас наведвання выставы навейшай тэхнікі беларускіх прадпрыемстваў машынабудаўніцтва.

На выставе сярод іншых быў прадстаўлены і аўтамабіль прадстаўнічага класа, які СЗАТ «БелДжи» плануе пачаць вырабляць у Беларусі ў трэцім квартале бягучага года.

Аўта кіраўніку краіны спадабалася.

«Ніякага імпарту для чыноўнікаў, акрамя прэмʼера, віцэ-прэмʼераў і вышэйшых службовых асобаў«, – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Перасаджваць чыноўнікаў на «Geely» будуць паступова. Калі гэта рабіць у адзін момант, спатрэбяцца вялізныя грошы, мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

«Трэба набываць свае аўты, тым больш яны ў два разы таннейшыя за нямецкія. Вы сказалі, што машына добрая, значыць, няхай чыноўнікі набываюць. Даручэнне Шэйману: няхай прапрацоўвае, дзе, колькі паводле плану па ўсёй вертыкалі, пачынаючы ад старшыняў райвыканкамаў і заканчваючы міністрамі», – адзначыў кіраўнік Беларусі.

На ягоную думку, перавагай айчынных аўтаў зʼяўляецца тое, што «мы робім гэта ў сябе». Калі не вытрымаюць гарантыю, то можна будзе прыехаць на завод і зрабіць, мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў