Лукашэнка папярэдзіў аб магчымым канфлікце з-за ўладкавання мяжы з Расеяй


Ўладкаванне мяжы, заявіў кіраўнік беларускае дзяржавы, можна праводзіць толькі пасля дэмаркацыі, якая патрабуе перамоваў.

Рашэнне Расеі стварыць памежную зону з Беларуссю пагражае канфліктам, заявіў Лукашэнка ў «Вялікай размове з прэзідэнтам», якая адбылася 3 лютага ў Менску.

«Наколькі мяне інфармавалі, ёсць нейкая прывязка да канкрэтных нейкіх кропак, нейкая рэперныя кропкі выбудаваная. Паўстае пытанне – гэта што, Расея пачала праводзіць дэмаркацыю мяжы? Так гэта перамоўны працэс. Гэта можа выліцца ў сурʼёзны канфлікт», – сказаў Лукашэнка.

«Мы ж не дамаўляліся, як гэта будзе на мясцовасці праходзіць – вы ж можаце залезці на чужую тэрыторыю і адхапіць кавалак чужой мяжы», – падкрэсліў кіраўнік Беларусі.

Як стала вядома ў пачатку лютага, кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў падпісаў загад аб стварэнні памежнай зоны з Беларуссю. У загадзе агавораны канкрэтныя каардынаты, дзе будуць размяшчацца памежныя зоны.



Мяжа паміж РФ і Беларуссю, якія ўваходзяць у Саюзную дзяржаву, да гэтага часу адсутнічала на працягу 150 гадоў і не была вызначана ніякімі дамовамі.

Чытайце таксама:

«Сёння высплюся. Мяжа ж на замку»: Як у сацыяльных сетках кпяць з рашэння ФСБ устанавіць памежную зону з Беларуссю

Улады Беларусі заявілі, што Расея прыняла аднабакова рашэнне стварыць памежную зону. На думку афіцыйнага Менку, такі крок парушае міждзяржаўныя пагадненні.

Расея запэўнівае, што стварэнне прымежнай зоны ніяк не паўплывае на перамяшчэння расейцаў ці беларусаў, а будзе тычыцца толькі грамадзянаў трэціх краін.

Беларусь у студзені абвясціла аб планах увядзення бязвізавага рэжыму для грамадзянаў 80 краін. Візы не спатрэбяцца замежнікам, якія прыбываюць у Беларусь праз міжнародны аэрапорт Менску не больш чым на пяць дзён. МЗС Беларусі паведаміў, што тэрмін знаходжання замежнікаў у краіне без афармлення віз можа быць павялічаны.

ВД, паводле interfax.ru

Стужка навінаў