Лукашэнка паехаў прасіць грошай у Крамлі


Першы раз – не першы візіт. Аляксандр Лукашэнка ўпершыню ў гісторыі свайго кіраўніцтва краінаю робіць афіцыйны візіт у Расею не ў першую чаргу пасля інаўгурацыі. У Маскву кіраўнік Беларусі прыехаў на запрашэнне Уладзіміра Пуціна і правядзе ў расейскай сталіцы два дні

«У Пуціна ёсць грошы, якія патрэбныя Лукашэнку. У яго ёсць нафта, ёсць медыі, ёсць, у канцы канцоў – уплыў на беларускія спецслужбы», – зазначае палітолаг Алесь Лагвінец.

Першапачаткова візіт Лукашэнкі ў Маскву, запланаваны на 25-га-26-га лістапада, быў адменены. Расейскі бок патлумачыў гэта надзвычайнай загружанасцю абодвух кіраўнікоў. Днямі міністр фінансаў Антон Сілуанаў паведаміў, што разгляд пытання пра вылучэнне Беларусі новага крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця памерам два мільярды долараў адкладзены.

«Я думаю, што ён атрымае гэтыя грошы. І гісторыя з незгаворлівасцю па расейскім базам была звязаная менавіта з гэтым. У прынцыпе Масква, у якой няма аніякіх сурʼёзных хаўруснікаў, ну ні за што і ніколі не адпусціць Лукашэнку. Ну можа не два мільярды, а мільярд-паўтары яму кіне», – мяркуе журналіст Павал Шарамет.

Згодна з афіцыйнаю версіяй, перамовы з расейскім бокам пройдуць у пашыраным і вузкім складах. Пуцін і Лукашэнка абмяркуюць пытанні двухбаковых дачыненняў у інтэграцыйных аб’яднаннях, а таксама падпішуць шэраг міжнародных дакументаў.

«Усё роўна ён пойдзе на тое, каб адчыніць расейскія базы – нават не адну, а дзве – і ў Баранавічах, і ў Бабруйску. І папросту гуляе з намі, з грамадствам, з Еўропай і Масквой», – дадае Павел Шарамет.

Да візіту ў Маскву Лукашэнка ўжо паспеў пабываць у В’етнаме і Туркменістане. Падчас візіту ў апошнюю краіну кіраўнік Беларусі зноў выступіў у ролі міратворца, заклікаўшы Расею і Турцыю пайсці на саступкі ў канфлікце.

«Трэба пераадолець усялякія накалы жарсцяў, і знайсці магчымасць зрабіць хаця б паўкроку насустрач адзін аднаму. І праблема вырашыцца. Адносіны паміж гэтымі раней сяброўскімі дзяржавамі зноў адновяцца, ды абавязкова будуць», – пераконвае Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Адначасова з Лукашэнкам, на заўтра ў Маскве запланаваная яшчэ адна сустрэча – Уладзімір Пуцін плануе сустрэцца з Джонам Керы. Дзяржсакратар ЗША і кіраўнік Крамля, хутчэй за ўсё, абмяркуюць і сірыйскі канфлікт. Ці паспее Лукашэнка і ў гэтым выпадку выканаць сваю міратворчую місію?

Віталь Бабін, Belsat.eu

Стужка навінаў