Лукашэнка падзякаваў Кадыраву і эмірацкаму шэйху за вызваленне беларуса з Лівіі


Вызвалены з Лівіі Вячаслаў Качура, фота РИА

Аляксандр Лукашэнка накіраваў падзяку кіраўніку Чачэнскай Рэспублікі Рамзану Кадыраву і намесніку вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі ААЭ шэйху Мухамеду бэн Заіду аль-Нахаяну за асабісты ўнёсак і садзейнічанне ў вызваленні беларуса Вячаслава Качуры, які гвалтоўна ўтрымліваўся некалькі гадоў у Лівіі.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

У пасланні шэйху Мухамеду бэн Заіду аль-Нахаяну Лукашэнка ад беларускага народа і сябе асабіста выказаў словы ўдзячнасці за аказаную дапамогу.

«Вы зрабілі для нашага грамадзяніна нешта большае, чым вяртанне страчанага права на свабоду. Вы падаравалі яму магчымасць убачыць за доўгія гады расстання сваіх родных і блізкіх, уз’яднацца з сямʼёй, здабыць упэўненасць у заўтрашнім дні», – адзначыў Лукашэнка.

«Мы заўсёды будзем рады працягнуць руку дапамогі эмірацкаму народу, калі ўзнікне такая неабходнасць», – дадаў кіраўнік дзяржавы.

Вызваленне Качуры на сваім канале ў Telegram пракаментаваў і Рамзан Кадыраў.

«Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прасіў мяне аказаць садзейнічанне ў яго вызваленні. Гэта быў складаны і працяглы працэс. Але галоўнае, што чалавек жывы, вярнуўся дадому », – напісаў Кадыраў.

Паводле яго слоў, у аперацыі прымалі ўдзел МЗС Расеі і Беларусі, КДБ Беларусі.

«Хачу асабліва падзякаваць дэпутату Дзярждумы, дарагому брату Адама Дзелімханаву, кіраўніку Расейскай кантактнай групы па ўнутрылівійскім ўрэгуляванні Льва Дзеньгава. Магчымую дапамогу аказаў і Урад Нацыянальнай Згоды Лівіі на чале з прэмʼер-міністрам Фаізам Сарраджа », – адзначыў Кадыраў.

Нагадаем, начальнік штаба 334-га асобнага атрада спецназа Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Качура – апошні з беларускіх грамадзян, захопленых падчас лівійскага ўнутрыпалітычнага крызісу 2011 года. Ён гвалтоўна ўтрымліваўся ў Трыпалі 6,5 гадоў. Пракуратура Лівіі патрабавала для Качура пажыццёвага пазбаўлення волі.

КА, belsat.eu, паводле TUT.BY

 

Глядзі таксама
Каментары