Лукашэнка падпісаў указ аб павелічэнні тэрміну «бязвізу» на Берасцейшчыне і Гарадзеншчыне


Ад 1 студзеня замежныя турысты змогуць знаходзіцца ў асобных раёнах Берасцейскай і Гарадзенскай вобласцяў да 10 дзён. Адпаведны ўказ падпісаў 26 снежня Аляксандр Лукашэнка.

Згодна з дакументам, на гэтых тэрыторыях павялічваецца колькасць пунктаў пропуску для бязвізавага ўезду турыстаў за кошт пунктаў пропуску, размешчаных на чыгуначных вакзалах і ў аэрапортах. Акрамя часу знаходжання, пашыраюцца тэрыторыі для наведвання.

Турыстам «Аўгустоўскага каналу» дазволяць знаходжанне на тэрыторыі Горадні і ўсяго Гарадзенскага раёну, а наведнікам Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» – тэрыторыі турысцка-рэкрэацыйнай зоны «Берасце».

Змены распаўсюджваецца на грамадзянаў з 77 краінаў.

Улады спадзяюцца такімі захадамі павялічыць турыстычны паток і экспарт турыстычных паслугаў рэгіёнаў на 30%.

12 лютага ў Беларусі запрацаваў пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краінаў. Скарыстацца гэтай магчымасцю могуць толькі тыя, хто прылятае ў аэрапорт Менск. Сёлета па бязвізе ў Беларусь прыляцелі каля 80 тысяч турыстаў.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў