Лукашэнка падпісаў указ аб новай сістэме відэаназірання за грамадскай бяспекай


25 траўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №187 «Аб рэспубліканскай сістэме маніторынгу грамадскай бяспекі», паводле якога ў Беларусі будзе створаная цэнтралізаваная сістэма відэаназірання.

Абавязак па выкананні ўказу ўскладзены на Міністэрства ўнутраных спраў. Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны.

Асноўнай задачай новай сістэмы будзе назіранне за парадкам у грамадскіх месцах, выяўленне і спыненне злачынстваў, вышук асобаў, якія іх здзейснілі. Таксама сістэма дапаможа папярэджваць і ліквідаваць надзвычайныя сітуацыі.

Праваахоўныя органы будуць аўтаматычна атрымліваць інфармацыю «аб наступленні падзеяў, якія ўплываюць на грамадскую бяспеку».

Раней міністр унураных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што для кантролю над сістэмай будзе створаная адзіная дыспетчарская служба, а ў якасці аператара выступіць дзяржаўная кампанія або «надзейны прыватнік, гатовы стаць інвестарам». Усяго для забеспячэння працы новай сістэмы відэаназірання спатрэбіцца 100 млн долараў.

КА, belsat.eu, паводле tut.by

Глядзі таксама
Каментары