Дзяржава замацавала сваё кіраванне ў сферы культуры юрыдычна.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў прыняты Палатай прадстаўнікоў і зацверджаны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры.
У свой час ідэйным натхняльнікам кодэксу стаў былы міністр культуры і цяперашні амбасадар Беларусі ў Францыі Павал Латушка.
Кодэкс налічвае 257 артыкулаў, якія рэгламентуюць усе бакі культурніцкага жыцця ў краіне – ад правоў і абавязкаў аматарскіх калектываў мастацкай творчасці да самога панятку «творчасць».
Гэтак п. 14 арт. 237, які рэгулюе правядзенне дыскатэк, абавязвае тых, хто вырашыць раптам зарганізаваць танцы, узгадняць іх правядзенне з уладамі.
«Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія арганізуюць правядзенне дыскатэк не на пастаяннай аснове… у мэтах перадухілення надзвычайных сітуацыяў і падтрымання правапарадку павінны ўзгадніць правядзенне дыскатэкі з кіраўніком адпаведнага мясцовага выканаўчага і распарадчага органа або з упаўнаважанай ім асобай за пяць дзён да яе правядзення», – гаворыцца ў законе.
Паводле парталу Pravo.by, аналагаў гэтаму кодэксу ў свеце няма.
Кодэкс уступіць у сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання.
ДД, belsat.eu