Лукашэнка: Падатковую сістэму неабходна зрабіць простай і зразумелай


Такі недвухсэнсоўны намёк Аляксандр Лукашэнка зрабіў у віншаванні, накіраваным да работнікаў падатковых органаў Беларусі з нагоды іх прафесійнага свята, якое адзначаецца 8 ліпеня.

«Сёння беларуская падатковая сістэма актыўна развіваецца і ўдасканальваецца, і вам неабходна зрабіць яе больш простай і зразумелай для насельніцтва, органаў улады, прадстаўнікоў айчыннага і замежнага бізнесу. Гэта стане значным укладам у стымуляванне дзелавой ініцыятывы, прыцягненні ў эканоміку рэспублікі ўнутраных і замежных інвестыцыяў», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што работнікі падатковых органаў і надалей будуць павышаць сваю кваліфікацыю, укараняць перадавыя метады працы, плённа ўзаемадзейнічаць з іншымі службамі і ведамствамі.

У справаздачы «Financial Complexity Index 2017» Беларусь заняла 2-ое месца сярод краінаў СНД з самым складаным падатковым заканадаўствам. У сусветным рэйтынгу Беларусь апынулася на 16 месцы з 94 краінаў. Рэйтынг зроблены галандскай аўтсорцынгавай кампаніяй «TMF Group».

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў