Лукашэнка не скасуе «падатак на дармаедаў». Дэкрэт №3 абновяць да 1 кастрычніка


Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў абнавіць дэкрэт № 3 да 1 кастрычніка. Новая рэдакцыя «дэкрэту пра дармаедаў», кажа кіраўнік краіны, ужо завершаная.

Пра гэта ён заявіў 3 жніўня, слухаючы даклад аб дэмаграфічнай сітуацыі і садзеянні занятасці насельніцтва.

Нагадаем, 9 сакавіка Лукашэнка пастанавіў прыпыніць на год дзеянне дэкрэту пасля масавых акцый пратэсту па ўсёй Беларусі, аднак пазней неаднаразова нагадваў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў».

Якія канкрэтна змены чакаюць дэкрэт, Лукашэнка не ўдакладніў, спаслаўшыся на тое, што «неаднаразова пра гэта выказваўся».

«Мы іх павінны прымусіць працаваць, вось і ўся ідэалогія»

«Грамадства павінна ведаць, што ніякага скасавання Дэкрэта №3 быць не можа. Я ўжо матываваў гэта пытанне: прынамсі паўмільёна ў нас непрацоўных людзей. З іх 200 тыс. мы можам вызваліць: шматдзетных, хворых, інвалідаў, людзей, якія, можа, і хочуць працаваць, але ў іх не атрымліваецца ў сілу жыццёвых акалічнасцяў. Але 300 тыс. дзе? Таму Дэкрэт №3 – гэта 300 тыс. тых, хто павінен працаваць, але не працуе. І мы іх павінны прымусіць працаваць. Вось і ўся ідэалогія», – рэзюмаваў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што адказнасць за выкананне дэкрэту ўскладзена на мясцовыя органы ўлады.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі толькі 260 тысяч беспрацоўных, аднак «лісты шчасця» даслалі амаль паўмільёну грамадзян, з іх толькі 11% сплацілі збор (ім цяпер абяцаюць вярнуць грошы за 2015 год).

Лукашэнка адзначыў, што да кастрычніка неабходна падрыхтаваць шэраг іншых дакументаў, якія будуць датычыцца прадпрымальніцтва і ўмоваў вядзення бізнесу.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў