Лукашэнка не рыхтуе сабе пераемніка і раіць апазіцыі мяняць ідэалогію


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што не рыхтуе сабе пераемніка і не чакае новых сітуацый, падобных да крымскай.

«Я супраць усялякіх спадчыннікаў. Мае сыны – не прэзідэнты і да гэтага не імкнуцца», – заявіў Лукашэнка ў інтэрвю медыя-холдынгу «Блумберг», паказаным на тэлеканале «Беларусь 1».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што прэзідэнт павінен быць абраны на выбарах. «Народ павінен выбраць, хто гэта павінен быць», – дадаў Лукашэнка, падае interfax.by.

Гаворачы аб беларускай апазіцыі, Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што яны мусяць змяняць ідэалогію. «З такой ідэяй «чым горш, тым лепш» народ іх не прыме», – заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Ці паўторыцца крымская сітуацыя?

Паводле Лукашэнкі, сітуацый, падобных крымскай, больш не будзе: «Калі не будзе прамой агрэсіі супраць тэрыторый Расеі, ніякіх «Крымаў» больш не будзе», – сказаў кіраўнік Беларусі.

«Колькі разоў ён (Крым – рэд.) пераходзіў з адных рук у іншыя. І Турцыя прэтэндавала, і іншыя краіны… Усё магчыма ў гэтым жыцці», – сказаў лідар Беларусі.

Ён падкрэсліў, што «гісторыя нас вучыць, што ўсё ў гэтым свеце вельмі рухома»: «Яшчэ невядома, у якім свеце мы будзем жыць заўтра».

«Пуціну далёка да дыктатуры ЗША»

«Ніякіх дыктатараў, акрамя ЗША, у свеце сёння няма», – сказаў Лукашэнка.

Адказваючы на ​​пытанне, ці дыктатар прэзідэнт Расеі, лідар Беларусі сказаў: «Калі вашымі меркамі падыходзіць, яму яшчэ далёка да дыктатуры ЗША».

Тлумачачы свой пункт гледжання, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Амерыка мае ўсе рэсурсы для таго, каб у свеце каму-небудзь што-небудзь дыктаваць.

«Ніхто ў свеце не мае такога рэсурсу. Расея значна слабейшая, чым ЗША. Таму гэта меншы дыктатар, чым ЗША», – падсумаваў Лукашэнка.

Дакладная дата прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі будзе вызначана ў пачатку жніўня 2015 года. Найбольш верагодны тэрмін – 15 лістапада.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў