Лукашэнка не паедзе на пахаванне Фідэля Кастра


У жалобнай цырымоніі развітання з былым кіраўніком Кубы ад Беларусі паўдзельнічае спецыяльны прадстаўнік – кіраўнік спраў прэзідэнта Віктар Шэйман.

На працягу многіх гадоў Шэйман актыўна займаецца пытаннямі развіцця супрацы з Кубай ды іншымі краінамі Лацінскай Амерыкі.

Лукашэнка, які не так даўно на сустрэчы з кубінскім паслом заявіў, што «Фідэль для нас заўсёды быў увасабленнем мужнасці», на Кубу не паедзе.

У сувязі са смерцю Кастра старэйшага, кіраўнік Беларусі накіраваў спачуванні ягонаму брату Раулю. У сваім звароце ён назваў Фідэля «мысляром, замены якому пакуль няма». Таксама Лукашэнка адзначыў, што «саветы лідара кубінскай рэвалюцыі будуць і надалей дапамагаць яму ў дзяржаўнай дзейнасці і асабістым жыцці».

У свой час прэзідэнты абодвух краін падтрымлівалі шчыльныя кантакты і праводзілі доўгія нефармальныя размовы. Пазней кіраўнік Беларусі прызнаваўся, што гэтыя сустрэчы зрабілі на яго «непазбыўнае ўражанне».

Сёння стала вядома, што Пуцін таксама вырашыў не ляцець на Кубу. Пахаванне Фідэля Кастра пройдзе 4 снежня.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў