Лукашэнка да Парашэнкі: Трэба будзе ад Беларусі нешта – скажы, мы табе за содні ўсё зробім


Ва ўкраінскай сталіцы адбылося спатканне кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

Кіраўнік Украіны выказаў Лукашэнку падзяку за спрыянне мірным перамовам у Менску паміж украінскімі ўладамі, сепаратыстамі з Данбасу і прадстаўнікамі Расеі, а затым дадаў: «Я таксама асобна дзякую Беларусі за выразную пазіцыю ў дачыненні да суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Украіны. Для нас ваша жорсткая пазіцыя, якую вы выказвалі пастаянна, уключаючы пазіцыю адносна так званых выбараў у лістападзе (у ДНР і ЛНР – belsat.eu) вельмі важная», – падкрэсліў прэзідэнт Украіны.

Ён адзначыў, што на парадку дня двух кіраўнікоў суседніх дзяржаваў – эканамічная ды фінансавая супраца, каардынацыя дзеянняў у міжнародных арганізацыях і сфера бяспекі, падае interfax.by.

Лідар Беларусі са свайго боку адзначыў рост тавараабароту з Украінай, нягледзячы на складаную сітуацыю на Данбасе. «Тавараабарот паміж Украіна. і Беларуссю не ўпаў, а нават вырас. І, што важна, у нас сёння цалкам аплачаныя ўсе нашыя кантракты, – адзначыў Лукашэнка і дадаў: – З ніводнаю краінаю такога ў нас няма».

Афіцыйны Менск, паабяцаў галава Беларусі, гатовы дапамагаць Кіеву ў развязанні актуальных праблемаў. «Таму, калі трэба будзе, я вам яшчэ раней сказаў: трэба будзе ад Беларусі нешта – скажы, мы табе за содні ўсё зробім, што ты папросіш. Усё, што прэзідэнт Украіны ні прасіў, публічна кажу, мы заўсёды рабілі. Гэтак будзе і надалей», – цытуе кіраўніка Беларусі unian.ua.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі адбылася сёння ў Кіеве за зачыненымі дзвярыма. У панядзелак 22 снежня ў Кіеў мае прыляцець лідар Казахстану Нурсултан Назарбаеў.

МЯ, паводле interfax.by, unian.ua

Глядзі таксама
Каментары