Лукашэнка: мы з Пуціным браты і сябры. Паляпшэння ў дачыненнях з Захадам не чакаецца


Аляксандр Лукашэнка не спадзяецца на наладжванне дачыненняў Беларусі з Захадам пасля правядзення ў Менску пасяджэння лідараў краін «нармандскай чацвёркі» па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. Пра гэта ён заявіў у інтэрвю вядоўцы праграмы «Вести в субботу» на тэлеканале «Россия 1» Сяргею Брылёву.

«Я б не гаварыў, што мы неяк наладзілі адносіны з імі. Не пешчу тут ніякіх надзей. Абсалютна шчыра хачу сказаць: я ўжо не ў тым узросце, калі людзі кідаюцца, робяць крутыя, рэзкія павароты і гэтак далей. Па-першае, прабачце за нясціпласць, я маю нейкі палітычны вопыт, не толькі багаж, ён таксама за плячамі ёсць. Я ўжо гэтага нагледзеўся, бачыў розныя перамовы, вёў іх», – прыводзіць словы Лукашэнкі дзяржаўнае агенцтва БелТА.

«Мне ўсё гэта вядома і, каб, ведаеце, галава закружылася… Ад чаго, уласна, галава ў мяне закружылася? Ад таго, што мяне папрасілі, мне даручылі ўрэшце арганізаваць гэта мерапрыемства? – сказаў кіраўнік дзяржавы. — Бог з вамі, я не перабольшваю тут ролю Беларусі і сваю ролю, як звычайна. Не перабольшваю».

«Таму, калі вы думаеце, што гэта прычына мне кудысьці павярнуцца — выкіньце гэта з галавы. Гэтага, па-першае, ніколі не будзе. Па-другое, шчыра кажу, мяне і не запрашаюць і там не чакаюць. А па-трэцяе, мы ж з вамі рускія людзі. Пра што гаворка, мы з вамі людзі, якія нарадзіліся на адной зямлі, у нас ёсць агульная гісторыя. У нас агульныя погляды. І, напэўна, немалаважна, як бы вы там ні думалі пра нашы адносіны, з прэзідэнтам Расіі мы сябры, не толькі браты родныя, але і сябры. Вось з гэтага і зыходзьце», — адзначыў Лукашэнка.

Бліц-інтэрвю праграме «Вести в субботу» кіраўнік дзяржавы даў пасля завяршэння мерапрыемстваў у межах сустрэчы на вышэйшым узроўні ў «нармандскім фармаце», якая прайшла ў Мінску 11—12 лютага. Інтэрвю будзе паказанае сёння вечарам у эфіры тэлеканалаў «Россия 1» і «Россия 24».

МЛ, паводле БелТА, БелаПАН

Стужка навінаў