Лукашэнка: «Мы проста прыпёртыя да сценкі»


Аляксандр Лукашэнка падчас працоўнай паездкі ў Гомельскую вобласць заявіў, што ў дзяржавы няма іншага выйсці, акрамя як забяспечыць у Беларусі сярэдні заробак у 500 USD  – нізкага ўзроўню жыцця людзі больш цярпець ня будуць.

Гаворачы пра стаўленне насельніцтва да ўлады, Лукашэнка адзначыў:

«У наступным годзе такую сітуацыю ў краіне людзі не пацерпяць і яны будуць мець рацыю. Таму гэты год у нас вырашальны. Калі шчыра казаць, мы проста прыпёртыя да сценкі. Ня будзе чым тлумачыць. Тыя заробкі ў тысячу рублёў, якія вызначаныя, – у нас выйсця проста іншага няма. Калі мы іх дапаможам людзям зарабіць: тады няхай шумяць, ходзяць, крычаць. Тады ўжо яны павінны варушыцца. Але гэты мінімум мы павінны дапамагчы зарабіць».

Гэтая цытата Лукашэнкі прагучала ў рэпартажы АНТ. Пры гэтым прэзідэнцкая прэс-служба і дзяржаўнае агенцтва БелТА гэтую цытату Лукашэнкі не дае.

У лютым-сакавіку ў Менску і рэгіёнах прайшлі шматлікія акцыі пратэсту супраць дэкрэту №3. Падчас мітынгаў людзі выказвалі незадаволенасць нізкім узроўнем жыцця і патрабавалі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Сотні людзей па ўсёй краіне былі затрыманы і падвергліся адміністрацыйнаму пераследу.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў