Лукашэнка: Кошты пажадана цяпер не тузаць


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што рост коштаў неабходна прыпыніць.

Пра гэта паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у прэс-службе лідара дзяржавы.

«Там, дзе мы можам сёння прыпыніць рост коштаў, гэты рост коштаў трэба прыпыніць. Трэба даць зразумець усім: бізнесоўцам, прадпрымальнікам, кіраўнікам дзяржпрадпрыемстваў і ўсім астатнім, што цэны пажадана цяпер не тузаць», – сказаў прэзідэнт, прымаючы з дакладам міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяну Шчоткіну.

Лукашэнка адзначыў, што ў канцы мінулага года ды пачатку гэтага ў краіне «супакоілі і валютны рынак, і кошты». У той жа час назіраецца павышэнне коштаў на тавары і паслугі. Па словах лідара Беларусі, гэтаму ёсць і аб’ектыўныя прычыны, у прыватнасці, рост курсу долара ў адносінах да беларускага рубля.

«Але калі назіраецца рост коштаў па кантраляваных пазіцыях і асабліва ў ЖКГ, яшчэ дзесьці, там, дзе мы, дзяржава, павышаем кошты, – гэта недапушчальна. Чаму? Таму што мы зарплату сёння не можам падняць. Чалавеку не патрэбны рост заробкаў, калі не растуць цэны», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Восенню 2015 года ў Беларусі маюць адбыцца прэзідэнцкія выбары.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў