Лукашэнка: Калі мы недзе памыліліся з дэкрэтам пра дармаедаў – выправім


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка абяцае пры неабходнасці выправіць да канца года сітуацыю з дэкрэтам аб перадухіленні сацыяльнага ўтрыманства. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў 18 красавіка падчас рэспубліканскага суботніка.

«Да канца года мы будзем маніторыць сітуацыю, каб ніхто незаслужана не пацярпеў. Памыліліся – выправім, але трэба, каб ён папрацаваў», – цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, цяпер старанна адсочваецца ўся інфармацыя, у тым ліку ў медыях, дзе «выказваецца некаторая занепакоенасць» з нагоды дэкрэту № 3 пра падатак на дармаедаў, інфармуе БелаПАН.

«Да канца года мы будзем маніторыць сітуацыю, каб, сапраўды, крый Божа, ніхто незаслужана не пацярпеў ад гэтых нагрузак, так званага дармаедства», – сказаў лідар краіны.

«Таму не трэба перажываць і напружвацца. Усё будзе нармальна. Калі я падпісаў дакумент, гэта не значыць, што я падпісаў яго напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, каб укалоць насельніцтва. Ні ў якім разе. Я проста хачу дзейнічаць як дзяржаўны чалавек, а не як палітык. Таму што ці мне, ці камусьці пасля прэзідэнцкіх выбараў трэба ж працаваць. І папулізм тут ні пры чым. І ўмовы павінны быць роўныя і нармальныя», – адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, прапаноўваючы гэты дэкрэт грамадству, ён зыходзіў з настрояў тых, хто працуе. «Я не кажу, што ён ідэальны. Вы прабачце, я нават не абараняю яго. Мы глядзім, нармальны ён ці не, – прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. – Памыліліся – выправім, але трэба даць магчымасць, каб гэты дакумент папрацаваў. А затым дапрацуем. Дзе памыліліся, мы папросім прабачэння і выправім. Да канца года сітуацыю выправім».

Паводле яго слоў, усім, хто хоча зарабіць, будзе дадзена такая магчымасць. «Не хочаш працаваць – заплаці сярэдні падатак», – сказаў Лукашэнка. Паводле інфармацыі кіраўніка дзяржавы, у Менску налічваецца 8,5 тыс. вакансіяў, а беспрацоўнымі лічацца 4,5 тыс. «Дык гэта мы яшчэ паўкроку зрабілі, а сапраўдны дармаед павінен думаць пра тое, што заўтра мы зробім другі крок, каб прымусіць яго працаваць», – падкрэсліў ён.

Дэкрэт № 3, падпісаны 2-га красавіка 2015 года, выклікаў неадназначнае стаўленне ў беларускім грамадстве і вострую крытыку з боку незалежных экспертаў. Яны ўказваюць, што «дэкрэт аб дармаедах – класічны прыклад выкарыстання прымусовай працы». Пры гэтым выдаткі выканання дэкрэта будуць велізарнымі – выдаткі на працу чыноўнікаў, міліцыі будуць большыя, чым паступіць сродкаў ад самога збору. Палажэнні дэкрэта таксама могуць ужывацца ў дачыненні да актыўных прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, і гэта яшчэ адзін элемент уздзеяння на тых, хто не згодны з уладай.

Інтэрнэт-петыцыю супраць падатку на дармаедства падпісалі амаль 30 тыс. чалавек.

МЯ, паводле БелТА, БелаПАН

Стужка навінаў