Лукашэнка і Пуцін «канфідэнцыйна» абмеркавалі пагрозу NATO


На саміце СНД у Душанбэ цэнтральным пытаннем была бяспекі. Пра гэта паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

«Пытанне бяспекі – гэта, можна сказаць, цэнтральнае пытанне сённяшняга саміту. Усе прэзідэнты пра гэта кажуць. Нават мы, здавалася б, спакойная Беларусь, пастаянна пра гэта гаворым, улічваючы яшчэ і тыя небяспекі і выклікі, якія ўтойваюць у сабе дзеянні заходніх дзяржаваў і NATO каля нашых межаў, ля межаў Саюзнай дзяржавы», – заявіў ён.

«Дарэчы, мы ў такім канфідэнцыйнам парадку абмяркоўвалі гэтую праблему з Уладзімірам Уладзіміравічам (Пуціным. – заўв.). Я не буду канкрэтызаваць, але асабіста мы размаўлялі менавіта па гэтым пытанні», – адзначыў Лукашэнка.

Лукашэнка не ўдакладніў, ці абмяркоўвалі яны з Пуціным нейкія меры процідзеяння Захаду. Між тым, раней эксперты адзначалі, што ў адказ на ўзмацнення прысутнасці NATO ва Усходняй Еўропе Пуцін будзе дамагацца ад Лукашэнкі размяшчэння на беларускай тэрыторыі расейскай вайсковай базы.

Падчас сваёй прамовы ў Душанбэ Лукашэнка таксама абвінаваціў Захад у «руйнаванні створанай дзесяцігоддзямі сістэмы міжнароднага гандлю», відавочна, маючы на ўвазе палітыку санкцыяў. Ён заклікаў краіны СНД разам супрацьстаяць гэтым выклікам.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў