Лукашэнка і прэзідэнты Нямеччыны ды Аўстрыі наведваюць «Трасцянец»


Кіраўнік Беларусі разам з федэральнымі прэзідэнтамі Нямеччыны і Аўстрыі Франкам-Вальтэр Штайнмаерам і Александэрам ван дэр Бэленам наведвае мемарыяльны комплекс «Трасцянец».

«Пасляваенны лад на шмат якія дзесяцігоддзі забяспечыў баланс бяспекі і свету на кантыненце. І здавалася, што ўрокі Другой сусветнай вайны, агульныя для ўсіх, назаўжды засвоеныя чалавецтвам. Але сёння мы бачым, што мінулае нас не пакідае. Шмат хто не прызнае дзяржаўных межаў. Сусветная супольнасць зноў сутыкаецца з »дэманамі нецярпімасці«, якія распальваюць нянавісць і правакуюць гвалт», – заявіў Лукашэнка.

Прэзідэнт Нямеччыны адзначыў:

«Чым бліжэй падыходзіш да гэтага месца, тым цяжэй даецца гэты шлях. Веды пра тое, што тут адбылося, кладуцца на плечы шматтонным прыгнётам. Хто прыходзіць сюды, той чытаў або чуў пра злачынствы, якія немцы здзейснілі ў дачыненні да беларусаў, сваіх еўрапейскіх суседзяў і сваіх жа землякоў. Той ведае, які спусташальны след пакінула на гэтай зямлі апошняя, кашмарная вайна. Больш за чвэрць насельніцтва Беларусі не перажыло нямецкую акупацыю».

У сваю чаргу прэзідэнт Аўстры Александэр ван дэр Бэлен заявіў, што на фоне Асвенціма адыходзяць на задні план назвы іншых, не менш жудасных месцаў:

«Існуе небяспека, што забыццё назваў канцэнтрацыйных лагераў і лагераў смерці можа прывесці да страты памяці аб незлічоных ахвярах і гіганцкіх маштабах знішчэння. Нацыянал-сацыялісты стварылі сетку тэрору, якая накрыла ўсю Еўропу. Веды аб гэтым мы павінныя ў нашых жа ўласных інтарэсах захаваць у калектыўнай памяці Еўропы як перасцярогу».

У Трасцянцы адбудзецца мітынг-рэквіем, прысвечаны памяці ахвяраў нацызму.

Кіраўнікі дзяржаваў па шляху да мемарыяльных могілкаў «Благаўшчына» – месца правядзення мітынгу-рэквіема – праходзяць міма архітэктурна-скульптурных збудаванняў, якія сімвалізуюць вагоны, у якіх прывозілі людзей у канцлагер.

«Трасцянец» – адно з найбуйнейшых месцаў масавага знішчэння нацыстамі грамадзянскага насельніцтва ў 1941-1944 гадах. Па колькасці ахвяраў ён знаходзіцца на чацвёртым месцы пасля лагераў смерці «Асвенцім», «Майданэк» і «Трэблінка». У «Трасцянцы» загінулі жыхары Беларусі, іншых былых савецкіх рэспублік, дэпартаваныя грамадзяне заходнееўрапейскіх дзяржаў, уключаючы Аўстрыю, Германію, Чэхаславакію.

Паводле афіцыйных звестак, у «Трасцянцы» абарвалася жыццё больш за 200 тыс. асобаў з розных краінаў.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле БелТА, Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Стужка навінаў