Лукашэнка і Назарбаеў дамовіліся супрацоўнічаць да 2026 года


Беларусь і Казахстан заключылі дамову аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве да 2026 года з праграмай сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва на гэты жа перыяд, паведамляе БелТА.

Дамова была падпісаная па выніках афіцыйных перамоваў у вузкім складзе падчас візіту ў Менск прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева.

Беларусь і Казахстан таксама заключылі міжурадавыя пагадненні аб вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі арганізацый абаронных галін прамысловасці і аб супрацоўніцтве ў галіне сродкаў масавай інфармацыі. Дзяржавы будуць актыўна супрацоўнічаць і ў сферы высокіх тэхналогій, транспарта і лагістыкі.

Падпісаная дамова аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Нацыянальнай акадэміяй навук Казахстана.

Акрамя гэтага, сярод падпісаных дакументаў – план супрацоўніцтва паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Казахстана на 2018-2019 гады, а таксама праграма супрацоўніцтва ў сферы фізічнай культуры і спорту і мемарандум аб узаемаразуменні па культурнае супрацоўніцтве.

Да таго, Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць Беларусі падзяліцца з Казахстанам напрацоўкамі ў сферы беспілотнікаў.

«Беларусь гатовая падзяліцца сур’ёзнымі напрацоўкамі па беспілотных лятальных апаратах – не толькі арганізаваць пастаўкі, але і перадаць тэхналогіі іх вытворчасці. Ведаю, што ў Казахстана да гэтых распрацовак вялікая цікаўнасць», – сказаў Лукашэнка.

Па выніках перамоваў і падпісання дакументаў, Назарбаеў заявіў, што «стасункі Беларусі і Казахстана выйшлі на высокі стратэгічны ўзровень».

Тым часам на сумесным бізнес-форуме, які прайшоў у Менску і сабраў каля 400 прадпрымальнікаў з абодвух краін, бакі заключылі дамовы на пастаўкі ў Казахстан беларускай тэхнікі – 25 кар’ерных самазвалаў вытворчасці «БелАЗ», 500 машынакмплектаў «Гамсельмаш» і 2 тысяч адзінак тэхнікі «МТЗ».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў