Лукашэнка хоча, каб дзяржаўныя СМІ больш актыўна працавалі ў інтэрнэце


Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў падчас сустрэчы па абнаўленні кіраўнікоў буйных дзяржаўных СМІ.

«Больш актыўна мы павінны працаваць і ў інтэрнэце. Вядома, «дастаць» моладзь з тэлефонаў і камп’ютараў і прымусіць чытаць газету ў нас, на жаль, ужо наўрад ці атрымаецца. Але ў такім выпадку там жа, у інтэрнэце, мы павінны прапанаваць ім узамен нешта цікавае, правільнае, абʼектыўнае», – сказаў Лукашэнка.

На ягоную думку, дзяржаўныя СМІ павінны абараняць грамадзянаў ад «бруду ў сусветным павуцінні, які выліваецца на іх».

«Задаю сабе пытанне: каму, як не вам – людзям, якія штодня робяць навіны, якія пра большасць падзей пазнаюць першымі, – фармаваць і ў інтэрнэце інфармацыйную карціну дня? Чакаю рашучых дзеянняў і ў гэтым кірунку», – падкрэсліў ён.

5 лютага міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч анансаваў глабальнае карэктаванне закону «Аб СМІ». Паводле яго, акцэнт у працы ведамства сёлета зробяць на інтэрнэт і сацыяльныя сеткі.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары